Як паведаміў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба, ён абмеркаваў гэтую тэму з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі і атрымаў ад яго згоду. «У адрозьненьне ад Расеі, Украіна была і застаецца празрыстай. Нам няма чаго хаваць», — напісаў Кулеба ў твітэры. Ён зноў назваў сьцьвярджэньні Расеі аб распрацоўцы ва Ўкраіне «бруднай бомбы» хлусьлівымі.
Напярэдадні аб тым, што Украіна нібыта рыхтуецца падарваць «брудную бомбу», каб абвінаваціць Расею ў выкарыстаньні ядзернай зброі, у тэлефонных размовах з кіраўнікамі міністэрстваў абароны чатырох краінаў NATO заявіў міністар абароны РФ Сяргей Шайгу.
Раніцай 23 кастрычніка, яшчэ да званкоў Шайгу, са спасылкай на нейкія «вартыя даверу крыніцы» аб «бруднай бомбе» паведаміла расейскае дзяржаўнае агенцтва РИА Новости. Яно ж пісала, што задачу вырабіць гэтую бомбу нібыта паставілі Ўсходняму горна-абагачальнаму камбінату ў горадзе Жоўтыя Воды Днепрапятроўскай вобласьці, а таксама Інстытуту ядзерных дасьледаваньняў у Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу абзвоньвае міністраў абароны NATO і расказвае пра «брудную бомбу»Тое ж РИА Новости ў першыя дні пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, у лютым і сакавіку, пісала, што «брудную бомбу» маглі рыхтаваць на Чарнобыльскай АЭС, і нібыта таму яе ўзяла пад кантроль расейскае войска. Ніякіх доказаў дадзена не было, а расейскія вайскоўцы сышлі з АЭС у канцы сакавіка.
У панядзелак, 24 кастрычніка, Мінабароны Расеі выступіла з афіцыйным камэнтаром, які шмат у чым паўтарае тэзы РИА Новости. Расейскае вайсковае ведамства сьцьвярджае, што Ўкраіна нібыта плянуе замаскаваць падрыў «бруднай бомбы» пад няштатнае спрацоўваньне расейскага ядзернага боепрыпасу малой магутнасьці. Сьцьвярджаецца, што Мінабароны РФ «прывяло сілы і сродкі ў гатоўнасьць на выпадак выбуху „бруднай бомбы“». Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў сказаў, што размова не ідзе аб «пустым падазрэньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША, Францыя і Вялікая Брытанія назвалі хлусьлівымі словы Расеі пра падрыхтоўку Ўкраінай «бруднай бомбы»ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя, усьлед за Ўкраінай, зьняпраўдзілі сьцьвярджэньні, што Ўкраіна нібыта мае «брудную бомбу», заявіўшы, што Расея шукае падставу для эскаляцыі. Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў, па-ранейшаму бяз доказаў, 24 кастрычніка заявіў, што пагроза ўжываньня «бруднай бомбы» «ў наяўнасьці», а тое, што краіны Захаду ня вераць у гэтую пагрозу, не азначае, што яна перастала існаваць.
Сёньня ж кіраўнік Службы зьнешняй выведкі РФ Сяргей Нарышкін назваў выкарыстаньне ЗША ў вайне супраць Японіі (тагачасны Савецкі Саюз быў саюзьнікам ЗША) ядзернай зброі «ваенным злачынствам» і паскардзіўся, што чалавецтва ня вынесла «справядлівы прысуд у дачыненьні да палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі». Ён таксама заявіў, што Расею «непакоіць заходняя рыторыка аб магчымасьці ўжываньня ядзернай зброі». У Расеі, паводле яго, такой рыторыкі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітро Кулеба: Украіна ня мае «бруднай бомбы» і не зьбіраецца яе набывацьПры гэтым краіны Захаду не заяўлялі пра магчымасьць ужываньня ядзернай зброі ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне і, наадварот, абвінавачвалі ў безадказнай рыторыцы Расею. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, у прыватнасьці, казаў, што Масква можа выкарыстаць «усе наяўныя сродкі» для абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці, а намесьнік сакратара Рады бясьпекі РФ Дзьмітры Мядзьведзеў пагражаў Захаду Апакаліпсісам: «Іх людзі хапнуць гора па поўнай праграме. У іх у прамым сэнсе будзе гарэць зямля і плавіцца бэтон».