Журналістку Андрэеву дадалі ў сьпіс «экстрэмістаў»
МУС дадало палітзьняволеную журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву ў сьпіс «экстрэмістаў». Акрамя яе, у сьпісе зьявілася яшчэ 142 прозьвішчы, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Большая частка зь іх — асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу людзі, якія ў гэты момант за кратамі.
Сярод найбольш вядомых палітвязьняў у сьпісе зьявіліся імёны філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, грамадзкіх актывістаў Зьмітра і Насты Дашкевічаў, блогера Ўладзіслава Савіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 79 чалавек, сьвятара Багамольнікава асудзілі ў чацьвёрты разАрыштавалі IT-бізнэсоўца Караўца
Заснавальнік і дырэктар адной найстарэйшый у Беларусі студый вэб-распрацоўкі Astronim Багдан Каравец арыштаваны.
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзін з кіраўнікоў ініцыятывы BySol Андрэй Стрыжак.
«Тыдзень таму да Багдана зьявіліся пытаньні ў сілавікоў, якія скончыліся арыштам», — напісаў ён.
2,5 года «хатняй хіміі» за камэнтары
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 19 кастрычніка вынесьлі прысуд Натальлі Тодрас паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядаў судзьдзя Віталь Лабоцкі.
Натальлю абвінавацілі ў тым, што ў кастрычніку 2020 году яна пакінула камэнтары ў тэлеграм-канале пад допісамі пра супрацоўнікаў міліцыі. Камэнтары, на думку сьледзтва, былі «непрыстойныя па форме і абразьлівыя зьместам».
17 ліпеня 2022 Натальлю ўжо судзілі паводле таго ж артыкула ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.
19 кастрычніка судзьдзя Кастрычніцкага суду Горадні Віталь Лабоцкі прызнаў Натальлю Тодрас вінаватай і па сукупнасьці пакараньняў прысудзіў ён 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Таксама Натальлі прысудзілі штраф памерам 2000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: мянчанку асудзілі за абразу ўчастковага, пінчука — за камэнтары пра міліцыянтаў