Украінскія памежнікі вывесілі на сваіх пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю побач з украінскімі сьцягамі нацыянальныя беларускія — бел-чырвона-белыя. Пра зьяўленьне бел-чырвона-белых сьцягоў паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ.
Пункт пропуску, які паказалі ў сюжэце, знаходзіцца на ўкраінска-беларускай мяжы каля Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці.
«Калі раней тут мяжу ахоўвалі нашы калегі, украінскія памежнікі, то ў апошні час мы назіраем часьцей прадстаўнікоў Украінскай тэрытарыяльнай абароны. Як правіла, яны імкнуцца не ўступаць у кантакт з нашымі вайскоўцамі, большую частку службы яны знаходзяцца за збудаванымі імі загародамі.
Прыкладна два месяцы таму нароўні зь дзяржаўным сьцягам Украіны ў пункце пропуску быў вывешаны таксама бел-чырвона-белы сьцяг. Трэба адзначыць, што на бліжэйшых пунктах пропуску на ўчастку Берасьцейскай памежнай групы ўкраінцы таксама вывесілі сьцягі бел-чырвона-белага колеру», — сказаў у сюжэце афіцыйны прадстаўнік Берасьцейскай памежнай групы Сяргей Дзьмітрыеў.
Пры гэтым СТВ у сваім выпуску «заблюрыў» бел-чырвона-белы сьцяг. У Беларусі за выкарыстаньне нацыянальнага сьцяга людзей ужо шмат гадоў затрымліваюць і прысуджаюць да штрафаў і арыштаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў пазбавілі доступу да сотняў дарожных камэр ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачалі ставіць супрацьтанкавыя загароджаньні ў рэгіёне, які мяжуе з Украінай