У батальёне «Тэрор», складзеным зь беларускіх добраахвотнікаў, распавялі, чаму фармаваньне адасобілася ад палка імя Кастуся Каліноўскага.
«Калі сапраўдныя вайскоўцы ідуць у палітыку, яны, як правіла, штурмуюць рэзыдэнцыю прэзыдэнта. Калі штурм пасьпяховы — улада ў краіне пераходзіць да хунты. Калі ў палітыку ідзе кіраўніцтва ПКК — праводзіцца мэдыяштурм. Напрыклад, нядаўна ў якасьці дэманстрацыі сваіх дасягненьняў кіраўніцтва ПКК апублікавала фрагмэнт відэазапісу з баявой задачы, дзе байцы батальёна „Тэрор“ фарсуюць раку на Паўднёвым напрамку. Камэнтары ўдзельнікаў гэтай апэрацыі выдаляліся прэс-службай палка, каб „скрадзеная шапка“ не спаліла голавы штабіка», — напісаў батальён у сваім тэлеграм-канале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік камандзіра палку Каліноўскага: У нас ёсьць палітычныя амбіцыі, Сахашчыку мы не давяраемБатальён «Тэрор» дзейнічае асобна, бо ня хоча асацыяцый з палітычнымі амбіцыямі.
«Мы заўжды лічылі, што беларускія добраахвотнікі павінны прадстаўляць свой народ не ў кабінэтах уладных структур, а на фронце. Таму і настойваем на тым, каб нас не асацыявалі з марадэрамі баявых посьпехаў і будучыні беларусаў».
Прэс-служба палку Каліноўскага пакуль ніяк не камэнтавала выказваньні батальёну «Тэрор». Раней у інтэрвію Свабодзе ў палку выказаліся толькі пра полк «Пагоня»:
«Мы абсалютна нармальна ставімся да тых хлопцаў, якія называюць сябе палком „Пагоня“. Мы лічым іх нашымі баявымі пабрацімамі і паважаем іх. Але мы пакуль не камэнтуем, што гэта за полк і ў якім ён стане. Гэта не зусім нашая справа. Гэта павінны казаць самі тыя хлопцы. Усё ня так, як яны заяўляюць у прэсе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два байцы палку «Пагоня» пакінулі гэтае вайсковае фармаваньне, аднаго зь іх падазраюць у супрацы з КДБ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага паведаміў пра сустрэчу з дэлегацыяй парлямэнту Літвы