Беларускі добраахвотніцкі полк «Пагоня» пацьвердзіў на сваёй старонцы ў тэлеграме інфармацыю пра сыход двух байцоў, якія плянавалі далучыцца да вайсковага фармаваньня.
Як высьветлілася, у пятніцу, 14 кастрычніка, пасьля двухтыднёвай плянавай праверкі Службы бясьпекі Ўкраіны перад заключэньнем вайсковых кантрактаў два маладыя байцы «Пагоні» атрымалі афіцыйнае рашэньне аб дэпартацыі і мусілі пакінуць тэрыторыю Ўкраіны да 23 кастрычніка ўключна.
«Адразу пасьля гэтага хлопцы самавольна пакінулі разьмяшчэньне сваёй вайсковай групы. Адзін зь іх падазраецца ў супрацы з КДБ Беларусі. У сваю чаргу, камандаваньне „Пагоні“ ня мае падставаў не давяраць рашэньням дзяржаўных органаў Украіны і выконвае гэтыя рашэньні ў адпаведнасьці з заканадаўствам», — напісаў полк.
Аднак, нягледзячы на фармулёўку аб самавольным сыходзе двух байцоў з разьмяшчэньня групы, полк затым паведаміў, што яны пакінулі тэрыторыю Ўкраіны, атрымаўшы ад камандаваньня сродкі на квіткі да бліжэйшай бясьпечнай краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне загінуў беларускі баец палку «Пагоня»Як паведаміў раней полк Каліноўскага, аэравыведка палка «Пагоня» ўвайшла раней у яго склад.
Адным з тых, хто атрымаў прадпісаньне аб дэпартацыі з Украіны, зьяўляецца былы палітвязень Ціхан Клюкач. У размове зь ютуб-каналам «Осторожно Virus» Клюкач абвінаваціў Офіс Ціханоўскай у тым, што таму нібыта выгадна выслаць яго з пабрацімам з Украіны. Украінскі бок Ціхан не вінаваціць. Таксама Клюкач выказаў незадаволенасьць якасьцю касак і некаторага іншага рыштунку, якія прыйшлі ад фонду Андрэя Стрыжака. Добраахвотнік лічыць, што кошт некаторых рэчаў быў істотна завышаны.
Што тычыцца сытуацыі ў «Пагоні», тут Клюкач заявіў, што полк фактычна «палком не зьяўляецца, бо ў ім знаходзяцца ад 20 да 30 чалавек» і выказаў незадаволенасьць тым, што шчыльныя кантакты з кіраўніцтвам мае Валер Сахашчык. Акрамя таго, ён адзначыў, што частка байцоў некалькі месяцаў правяла ва Ўкраіне ў чаканьні афармленьня дакумэнтаў.
Пры гэтым Клюкач у момант запісу відэа кажа, што ён з пабрацімам яшчэ на тэрыторыі Ўкраіны, хаця на тэлеграм-канале «Пагоні» паведамілі, што два байцы пакінулі яе тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Значная частка беларусаў з задавальненьнем глядзела, як праз нашу тэрыторыю ішлі расейцы на Ўкраіну». Гутарка з байцом палку «Пагоня»