Трампу даслалі пазоў, які абавязвае яго даць паказаньні ў Кангрэсе ЗША

Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Камітэт Кангрэсу ЗША, які расьсьледуе напад на Капітолій у студзені 2021 году, даслаў афіцыйны пазоў былому прэзыдэнту Дональду Трампу, паведамляе BBC.

Да 4 лістапада Трампа абавязалі перадаць камітэту дакумэнты, якія тычацца расьсьледаваньня, а 14 лістапада ці ў дні каля гэтай даты ён абавязаны будзе даць паказаньні.

Адвакат былога прэзыдэнта абвінаваціў кангрэсмэнаў у «парушэньні нормаў». Сам Трамп раней называў расьсьледаваньне спробай адцягнуць увагу ад праблем кіраўнічай Дэмакратычнай партыі напярэдадні выбараў у Кангрэс у лістападзе.

Трампу пагражае крымінальны перасьлед, калі ён не падпарадкуецца патрабаваньнямі ў пазове. Ён атрымаў пазоў празь некалькі гадзін пасьля таго як cуд у ЗША асудзіў Стыва Бэнана, які быў пры ім галоўным стратэгам Белага дому, на чатыры месяцы турмы і штраф 6500 даляраў за непавагу да Кангрэсу і адмову даваць паказаньні па справе аб штурме Капітолію ў студзені 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога дарадцу Трампа Стыва Бэнана асудзілі на 4 месяцы турмы і штраф за непавагу да Кангрэсу

Судзьдзя паведаміў, што Бэнан можа адтэрмінаваць абвінаваўчы прысуд да разгляду апэляцыі.