Кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак заявіў, што мэтай ракетных атак стала цывільная інфраструктура. Мяркуючы па паведамленьнях зь месцаў, гаворка зноў ідзе пра ўдары па аб’ектах энэргетыкі. У шэрагу гарадоў, перш за ўсё на захадзе Ўкраіны, пасьля іх зьнікла сьвятло, ёсьць перабоі таксама з вадой і сувязьзю. Паведамленьняў пра пацярпелых пакуль няма.
У прыватнасьці СМІ і мясцовыя ўлады паведамляюць, што без электрычнасьці засталіся абласныя цэнтры Хмяльніцкі і Роўна, сьвятла няма таксама ў шэрагу раёнаў Адэскай, Кіраваградзкай, Валынскай абласьцей, адсутнічае электрычнасьць у частцы Луцку.
Паведамляюць аб працы СПА ў Львоўскай, Адэскай і Кіеўскай абласьцях; у Чарнавіцкай вобласьці, паводле мясцовых уладаў, зьнішчальнік зьбіў ракету, якая ўпала ў возера.
Маштаб пашкоджаньняў у выніку сёньняшняй ранішняй атакі па аб'ектах украінскай энэргетыкі супастаўны або можа перавышаць наступствы атакі 10-12 кастрычніка, заявілі ў «Укренерго». З прычыны пашкоджаньняў фіксуюцца адключэньні сьвятла ў Кіеве, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Жытомірскай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай і Кіраваградзкай абласьцях.
«Укрэнэрга» ўвяло абмежаваньне па электраэнэргіі ў Кіеве і Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Жытомірскай абласьцях. Падставай названы рэзкі рост узроўню спажываньня электраэнэргіі. «Гэта дапаможа зьнізіць нагрузку на электрасеткі і дасьць энэргетыкам час для рамонту пашкоджанага тэрарыстычнымі атакамі абсталяваньня», — растлумачылі ў дыспэтчарскім цэнтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве падлічылі, што за апошнія два дні абстрэлаў Расея пашкодзіла траціну ўкраінскіх энэргааб’ектаўРасея нанесла масіраваны ўдар па абʼектах энэргетыкі Ўкраіны 10 кастрычніка. Пачынаючы з гэтага дня, расейцы наносяць удары практычна штодня, але зь меншай інтэнсіўнасьцю. Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка паведаміў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў было пашкоджана ад 30 да 40% энэргетычнай інфраструктуры краіны. Нанесены ўкраінскай энэргетыцы ўрон складае мільярды даляраў.
Паводле ацэнак Галушчанкі, праз расейскія атакі на абʼекты энэргетыкі Ўкраіна страціла прыкладна 4 тысяч мэгават энэргетычнага патэнцыялу. Аднак, падкрэсьліў міністар у камэнтары Reuters, сваёй прамой мэты — цалкам пакінуць Украіну безь цяпла і электрычнасьці — Расея на дадзены момант не дасягнула. Многія электрастанцыі, закранутыя бамбёжкамі, працягваюць працаваць, хоць і зь меншай эфэктыўнасьцю.