Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, за апошнія тыдні сытуацыя вакол экспартнай збожжавай ініцыятывы стала напружанай. «Вораг робіць усё, каб прытармазіць наш экспарт прадуктаў харчаваньня. На сёньняшні дзень больш за 150 суднаў стаяць у чарзе, каб выканаць кантрактныя абавязаньні па пастаўцы нашай аграпрадукцыі. Гэта штучная чарга. Яна ўзьнікла толькі таму, што Расея сьвядома затрымлівае праходжаньне караблёў», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт украінскага збожжа ў кастрычніку амаль вярнуўся да даваеннага ўзроўнюЗяленскі заявіў, што празь дзеяньні Расеі Ўкраіна недаэкспартавала каля трох мільёнаў тонаў харчаваньня, што роўна гадавому аб’ёму спажываньня для 10 мільёнаў чалавек.
«Права на ежу і на жыцьцё без голаду — гэта фундамэнтальнае права абсалютна кожнага чалавека на Зямлі. Таму расейскія спробы абвастрыць харчовы крызіс — гэта агрэсія таксама супраць кожнага чалавека на Зямлі», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне Associated Press і Frontline: Расея зарабіла на продажы выкрадзенага ва Ўкраіне збожжа паўмільярда даляраўПраз поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тонаў харчаваньня. Зрыў экспарту ўкраінскага збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі стаў адным з фактараў росту сусьветных цэнаў на прадукты харчаваньня, адзначалі экспэрты. У ААН тады папярэджвалі пра небясьпеку голаду ў некаторых краінах, асабліва ў Афрыцы, якія ў значнай меры залежаць ад імпарту ўкраінскага збожжа.
Пасьля перамоваў 22 ліпеня, праведзеных пры пасрэдніцтве Турэччыны і ААН з Расеяй і Ўкраінай былі падпісаныя два асобныя пагадненьні аб аднаўленьні марскога збожжавага экспарту. Бакі дамовіліся аб спыненьні агню «у геаграфічных межах» і частковым разьмінаваньні, каб гарантаваць бясьпеку маршрутаў. Гэтыя дамоўленасьці дзейнічаюць да сярэдзіны лістапада.
Прэзыдэнт Зяленскі заявіў, што партнэры — ААН, Турэччына і іншыя — цалкам інфармаваныя аб сытуацыі з затрымкай экспарту харчаваньня.