Расейскі тэлеканал «Дождь» паведаміў пра як мінімум пяць такіх выпадкаў.
У апавяшчэньнях, якія ня ўтрымліваюць інфармацыі аб тым, кім яны выдадзеныя, пазначана, што «цяпер перасячэньне мяжы РФ на расейска-беларускім участку замежнымі грамадзянамі зьяўляецца парушэньнем правілаў перасячэньня дзяржаўнай мяжы».
Патэнцыйных пасажыраў папярэджваюць, што памежная служба высадзіць іх зь цягніка і накладзе штраф ад дзьвюх да пяці тысячаў расейскіх рублёў (эквівалентна 32–82 далярам). Пры гэтым ніякіх спасылак на дзейныя нормы закону або падзаконныя акты ў тэксьце апавяшчэньняў няма. Камэнтароў памежных ведамстваў Беларусі і Расеі «Дождь» ня мае.
Юрысты праваабарончага праекту Every Human Being, які ўпершыню паведаміў пра сытуацыю, падкрэсьліваюць, што забароны на выезд з Расеі замежнікаў у расейскім заканадаўстве няма; ніякіх новых загадаў, якія ўтрымлівалі б такую забарону, таксама не публікавалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ўздумайце прапаноўваць беларускім сілавікам хабар!» Якія праблемы абмяркоўваюць расейцы ў эмігранцкім чацеНяма падобных нормаў і ў беларускім заканадаўстве. «Гэта чарговая спроба запалохваньня і прамы сыгнал украінцам, гвалтам дэпартаваным у РФ, што выехаць у іх не атрымаецца», — лічыць заснавальніца праекту Паліна Мурыгіна.
- Раней паведамлялася, што грамадзяне Ўкраіны мелі цяжкасьці пры перасячэньні межаў Расеі з краінамі ЭЗ: некаторых зь іх затрымлівалі на памежных пунктах і падоўгу дапытвалі, аднак пасьля іх усё ж прапускалі ў краіны прызначэньня.
- Грамадзян Расеі прызыўнога ўзросту пасьля абвяшчэньня прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным мабілізацыі некалькі разоў здымалі зь цягнікоў, якія ехалі з Расеі ў Беларусь.