Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Апэратыўна-аналітычны цэнтар змогуць атрымаць прамы кругласутачны доступ да баз дадзеных і інфармацыйных сыстэм інтэрнэт-рэсурсаў Беларусі ў мэтах апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.
Гэта прадугледжана ўказам Аляксандра Лукашэнкі №368, падпісаным 18 кастрычніка і апублікаваным 21 кастрычніка.
Каб атрымаць доступ да баз дадзеных, уладальнікаў сайтаў прымусяць усталяваць сабе сыстэму САВМ, тлумачыць Zerkalo.io.
Новы ўказ прадпісвае пастаўшчыкам паслуг электрасувязі і ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў выкарыстоўваць «інфармацыйную сыстэму электроннага ўзаемадзеяньня» для зносін з органамі, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, гэта значыць ААЦ і КДБ.
Адпаведную інфармацыйную сыстэму распрацуе РУП «Цэнтар лічбавага разьвіцьця», а нагляднае РУП «БелДІЭ» будзе сачыць, каб сілавікі, уладальнікі сайтаў і пастаўшчыкі сувязі мелі да гэтай сыстэмы свабодны доступ 24 гадзіны на дзень.
Патрабаваньне падлучыцца да інфармацыйнай сыстэмы не распаўсюджваецца аўтаматычна адразу на ўсе інтэрнэт-рэсурсы і ўсіх пастаўшчыкоў сувязі. Тых, хто павінен будзе гэта зрабіць, будуць вызначаць КДБ і ААЦ. Затым «БелДІЭ» ў трохдзённы тэрмін накіруе ўладальніку сайта апавяшчэньне, што ён павінен падключыцца да сыстэмы.
Пасьля гэтага ўладальнік сайта ў месячны тэрмін павінен зарэгістравацца ў інфармацыйнай сыстэме і ў трохмесячны — забясьпечыць усё, каб базы даных сайта і аўтаматызаваныя сыстэмы, а таксама абсталяваньне адпавядалі вызначаным тэхнічным патрабаваньням (іх зацьвярджае КДБ і ААЦ). Пры неабходнасьці ўладальніку рэсурсу трэба купіць абсталяваньне, пры гэтым усе неабходныя работы выконваюцца за ўласны кошт.
Вынікам павінна стаць тое, што КДБ і ААЦ атрымаюць бязвыплатны кругласутачны дыстанцыйны доступ да баз дадзеных і аўтаматызаваных сыстэм сайта. Размова ідзе пра тыя базы і сыстэмы, якія зьмяшчаюць інфармацыю аб карыстальніках, аб паслугах электрасувязі, інтэрнэт-паслугах і іншых паслугах, якія былі аказаны карыстальнікам з дапамогай гэтага сайта.
«Пастаўшчыкі паслуг электрасувязі, уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў абавязаны прад'яўляць бязвыплатна ў электронным выглядзе па патрабаваньні ўпаўнаважаных падразьдзяленьняў і ў вызначаныя гэтымі падразьдзяленьнямі тэрміны дакладную і поўную базу даных аб карыстальніках, а таксама ў рэжыме рэальнага часу інфармацыю, у тым ліку тэхнічную, пра ўсе аказаныя карыстальнікам паслугі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Акрамя таго, уладальнікі рэсурсаў і пастаўшчыкі сувязі абавязаны ня менш за год захоўваць інфармацыю пра ўсе паслугі, аказаныя карыстальнікам.
Уладальнікам сайтаў і пастаўшчыкам сувязі таксама давядзецца клапаціцца аб абароне зьвестак, зьвязаных з апэратыўна-вышуковымі мерапрыемствамі. Дапускаць да рамонту і абслугоўваньня абсталяваньня і сыстэм, зьвязаных з даваньнем сілавікам доступу да зьвестак, можна будзе толькі абмежаванае кола асоб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заблякавалі сайт «Зялёнага парталу»У палажэньні падкрэсьліваецца, што доступ да баз дадзеных карыстальнікаў будуць мець толькі ўпаўнаважаныя сілавыя падразьдзяленьні, усе звароты да баз праз інфармацыйную сыстэму будуць у гэтых падразьдзяленьнях рэгістравацца, і зьвесткі аб зваротах павінны захоўвацца ня менш за пяць гадоў.
Калі ж уладальнік сайта або пастаўшчык сувязі парушыў патрабаваньні органаў, напрыклад ня даў доступ сілавікам у прадпісаны тэрмін, то па рашэньні ААЦ або КДБ доступ да інтэрнэт-рэсурсу можа быць абмежаваны. Разблякаваць сайт ці не, будзе вырашаць той жа орган (КДБ ці ААЦ), пасьля таго як парушэньні ліквідуюць.
Асобны разьдзел палажэньня прысьвечаны ўзаемадзеяньню сілавікоў з апэратарамі сувязі, а менавіта пытаньням укараненьня і выкарыстаньня сыстэмы забесьпячэньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САВМ). Гэта сыстэма, якую ўжо даўно абавязаны выкарыстоўваць усе апэратары сувязі ў Беларусі. САВМ дазваляе сілавікам у рэжыме онлайн сачыць за ўсімі кліентамі апэратара сувязі. Менавіта аналяг САВМ цяпер давядзецца ўсталёўваць і інтэрнэт-рэсурсам, гэта значыць сілавікі змогуць атрымліваць больш дэталёвую інфармацыю аб актыўнасьці інтэрнэт-карыстальнікаў.
Палажэньне набудзе моц праз тры месяцы пасьля яго апублікаваньня, а пункт указу аб тым, што пастаўшчыкі сувязі і ўладальнікі сайтаў павінны па ўказаньні КДБ або ААЦ падключыцца да інфармацыйнай сыстэмы сілавікоў, пачне працаваць праз шэсьць месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм заблякаваў доступ да самага папулярнага сайту Горадні і вобласьці