Як паведаміў намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч, прадстаўляючы ў Палаце прадстаўнікоў на папярэднім абмеркаваньні ў камісіі законапраект аб амністыі, цалкам яна закране 8,5 тысячы чалавек.
«Згодна з папярэднімі разьлікамі, пры рэалізацыі праекту закону плянуецца вызваліць каля 4,5 тысячы асуджаных, у тым ліку зь месцаў пазбаўленьня волі — 1600 (зь іх 10 непаўналетніх), з папраўчых устаноў адкрытага тыпу (хіміі) — 500, з крымінальна-выканаўчых інспэкцый — 2,5 тысячы, а таксама скараціць тэрмін на адзін год практычна 4 тысячам асуджаных», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перапалоханыя самі і запалохваюць іншых. Што стаіць за супярэчлівымі заявамі кіраўнікоў рэжымуПраект закону аб амністыі не закранае палітычных зьняволеных.
Палітвязьняў не адпусьцяць
З прадстаўленага законапраекту відаць, што палітычных зьняволеных амністыя не закране. Яна ня будзе распаўсюджвацца на асуджаных паводле артыкулаў, якія праваабаронцы называюць «палітычнымі» — 130-га, 293-га, 342-га, 364-га, 368-га, 369-га, 391-га і шэрагу іншых.
Сярод артыкулаў КК, на якія не распаўсюджваецца амністыя:
- арт. 130 — за «распальваньне варожасьці»;
- арт. 293 — за «масавыя беспарадкі»;
- арт. 342 — за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»;
- арт. 361-1 — за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»;
- арт. 368 — за «абразу Лукашэнкі»,
- арт. 369 — за «абразу прадстаўніка ўлады».
Гэта значыць, што пераважная большасьць палітвязьняў ня выйдзе на волю найбліжэйшым часам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вызваліць месцы пад новых палітвязьняў». Што ў законапраекце аб амністыі?Каго закране амністыя
Каго закране чаканая амністыя, Казакевіч паведаміў:
«У адпаведнасьці з артыкуламі 1, 2 праекта закону прадугледжваецца вызваленьне ад усіх відаў пакараньня і іншых мер крымінальнай адказнасьці, ад дадатковых пакараньняў, а таксама спыненьне папярэдняга расьсьледаваньня ў крымінальных справах у дачыненьні да пэўных катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі або менш цяжкія пры ўмове, што іх злачынствы не ўваходзяць у пералік артыкулаў, на якія амністыя не распаўсюджваецца.
Пры гэтым прадугледжаны наступныя катэгорыі асоб: непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, асобы пэнсійнага ўзросту, інваліды 1-2 груп, хворыя на актыўную форму сухотаў, асобы, хворыя на анкалягічныя захворваньні, ВІЧ-інфікаваныя, вэтэраны баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый, асобы, якія атрымалі раненьні, калецтвы, захворваньні пры выкананьні абавязку ў пэрыяд службы ва Узброеных сілах...».
Асобы, якія ўчынілі злачынствы «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай скіраванасьці», ня трапяць пад амністыю, заявіў сёньня ў Берасьці генэральны пракурор Андрэй Швед, якога цытуе BPN.
«Наколькі памятаю, артыкул 10-ы праекта закона дакладна гаворыць пра гэта», — сказаў Швед.
Генпракурор назваў «дастаткова небясьпечнымі ў любой дзяржаве» людзей, якія ўчынілі злачынствы, «зьвязаныя з экстрэмізмам або тэрарызмам».
«Дараваньня такім асобам ні ў адной краіне сьвету быць не можа. Таму што яны замахваюцца на асновы канстытуцыйнага ладу, замахваюцца на нармальнае спакойнае жыцьцё любога грамадзтва, любой дзяржавы», — заявіў Швед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая амністыя — не для палітвязьняў. Чаканьні людзей ня спраўдзіліся», — кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі апублікавалі праект закону аб амністыі. Палітвязьні пад яе могуць і не падпасьці