Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія вайскоўцы замінавалі дамбу і агрэгаты Кахоўскай ГЭС.
«У нас ёсьць інфармацыя, што расейскія тэрарысты замінавалі дамбу і агрэгаты Кахоўскай ГЭС. Гэта адзін зь вялікіх энэргааб’ектаў. Дамба гэтай ГЭС утрымлівае каля 18 мільёнаў кубамэтраў вады. Калі расейскія тэрарысты ўзарвуць гэтую дамбу, то ў зоне хуткага затапленьня апынецца больш за 80 населеных пунктаў, у тым ліку Херсон», — сказаў Зяленскі, выступаючы на саміце Эўрапейскай рады ў Брусэлі.
Украінскі прэзыдэнт заклікаў адправіць на Кахаўскую ГЭС міжнародную назіральную місію, вярнуць туды ўкраінскі пэрсанал і забясьпечыць неадкладнае разьмінаваньне агрэгатаў і дамбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Рады Ганчарэнка: Полк Каліноўскага, Ціханоўская і Аб’яднаны кабінэт зьяўляюцца для мяне легітымнымі прадстаўнікамі вольнай БеларусіЗяленскі нагадаў пра разбурэньне траціны ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры ў выніку расейскіх атак ракетамі і дронамі-камікадзэ. «Расейскі тэрор супраць нашых энэргаабʼектаў накіраваны на тое, каб стварыць Украіне як мага больш праблем з электрычнасьцю і цяплом гэтай восеньню і зімой і каб як мага больш украінцаў зьехалі ў эўрапейскія краіны, — сказаў ён. — І гэта патрабуе ад усёй эўрапейскай супольнасьці новых крокаў у адказ — хуткіх і салідарных».
Акрамя гэтага, паводле яго, у выпадку падрыву дамбы без вады для ахаладжэньня застанецца Запароская АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы пераможам, і кропка». Беларуска расказвае, што цяпер адбываецца ў ІрпяніДамба на Кахоўскай ГЭС — адна з трох перапраў цераз Дняпро, якія знаходзяцца пад кантролем Расеі. Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) у нядаўнім аналізе паказваў на тое, што Расея пры адступленьні з Херсонскай вобласьці можа пашкодзіць дамбу Кахоўскай ГЭС і ўскласьці адказнасьць на Ўкраіну. Пра гэта, па словах аўтараў матэрыялу, сьведчаць нядаўнія заявы расейскіх уладаў.
«Расейскія ўлады, пэўна, маюць намер выкарыстоўваць гэтыя папярэджаньні аб меркаваным украінскім удары па Кахоўскай ГЭС, каб стварыць інфармацыйную глебу для расейскіх сіл, каб пашкодзіць плаціну і абвінаваціць Украіну ў наступнай шкодзе і гібелі людзей, а таксама выкарыстоўваць паводкі для прыкрыцьця ўласнага адступленьня на поўдзень Херсонскай вобласьці», — адзначалі ў ISW.