У Нямеччыне згарэў інтэрнат для ўкраінскіх бежанцаў. Асноўная вэрсія — падпал

Ілюстрацыйнае фота

Пажар практычна цалкам зьнішчыў жыльлё для ўкраінскіх уцекачоў ад вайны ў нямецкай камуне Грос-Штрэмкендорф у зямлі Мэкленбург — Пярэдняя Памэранія.

Пра гэта паведамляе Spiegel.

Пажар пачаўся ўвечары 19 кастрычніка, ніхто з 14 пастаяльцаў і трох супрацоўнікаў інтэрнату не пацярпеў.

«Усе 14 жыхароў змаглі пакінуць памяшканьне цэлымі. З трыма супрацоўнікамі таксама ўсё ў парадку», — расказаў прадстаўнік акругі Паўночна-Заходні Мэкленбург.

Паліцыя мяркуе, што прычынай пажару стаў падпал. У мінулую суботу праваахоўнікі ўжо прыяжджалі ў прытулак для бежанцаў у сувязі з графіці са свастыкай, якія зьявіліся на шыльдзе на ўваходзе.

«Зыходзячы з майго шматгадовага вопыту работы пажарным, цяпер я мяркую, што пажар быў учынены наўмысна», — сказаў прадстаўнік мясцовых уладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палепшыць жыцьцё ўцекачам? Для гэтага трэба прыбраць адсюль Чырвоны Крыж». Беларусы сем месяцаў валянтэраць на памежжы Ўкраіны і Польшчы

Па словах прэс-сакратара акругі, адразу пасьля пажару ўсіх жыхароў перасялілі ў іншы будынак.

Ад пачатку маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, паводле зьвестак ААН, больш за 14 мільёнаў украінцаў уцяклі з краіны. Каля сямі мільёнаў зь іх вярнуліся ва Ўкраіну. Яшчэ 7,7 мільёна чалавек застаюцца ў Эўропе. З усіх краінаў ЭЗ найбольш украінскіх уцекачоў прынялі Польшча (1,4 мільёна) і Нямеччына (больш за мільён).