Раней прызначаныя Расеяй улады гэтага ўкраінскага рэгіёну аб’явілі аб эвакуацыі жыхароў з правага берага Дняпра, дзе працягваецца контранаступ украінскай арміі.
Нягледзячы на тое што ўкраінская наступальная апэрацыя на Херсоншчыне праходзіць больш павольна, чым нядаўна ў Харкаўскай вобласці, заходнія СМІ упэўненыя, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны зусім хутка могуць узяць пад кантроль Херсон — адзіны абласны цэнтар, які Расея змагла акупаваць з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.
Дасьледны праект «Схемы» Украінскай службы Радыё Свабода і расейская служба РС знайшлі профіль вайскоўца самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі», які захаваў на фота і відэа момант пераправы на пароме сваіх таварышаў па службе і вайсковай тэхнікі на больш бясьпечны для расейскай арміі левы бераг Дняпра ў раёне Новай Кахоўкі. Вывучыўшы спадарожнікавыя здымкі, журналісты высьветлілі, што расейцы перасталі адпраўляць тэхніку на «небясьпечны» правы бераг яшчэ ў пачатку кастрычніка: з гэтага моманту паромы ідуць туды пустымі, затое вяртаюцца ў Новую Кахоўку з поўнай загрузкай.
Апэрацыя «Эвакуацыя»?
10 кастрычніка жыхар пасёлка Бірукова Луганскай вобласці Макар Цяплінскі апублікаваў у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» фатаграфію, зробленую кімсьці зь ягоных таварышаў па службе з вайсковымі грузавікамі.
Праз тры дні Цяплінскі выклаў відэа, зьнятае на гэтым жа пароме. «Плывём!» — Кажа ён. «Ты гэта каму паказваеш?» — пытае Цяплінскага таварыш па службе.
Высьветлілася, што гэтае відэа зьнялі недалёка ад правага берага Дняпра ў раёне пасёлка Казацкае, а паром накіроўваецца ў вусьце каналу, які злучае гэты пасёлак і разьмешчаную на левым беразе Новую Кахоўку, праходзячы міма вострава.
Гэтая арганізаваная расейскім войскам паромная пераправа цераз Дняпро добра вядомая: УСУ ня раз наносілі ўдары па яе прычалах. Адзін з такіх удараў, як можна меркаваць па здымку спадарожніка Sentinel-2, адбыўся 23 верасьня: на ім відаць дым, які ідзе ад прычалу парома ў Новай Кахоўцы.
Украінскія абстрэлы Антонаўскага моста — асноўнай артэрыі, якая злучае два берагі Дняпра, — рэзка абцяжарылі забесьпячэньне расейскай групоўкі ў Херсоне, але нават выпушчанымі з установак HIMARS высокадакладнымі ракетамі вельмі складана трапіць у абʼект, які рухаецца, таму армія РФ працягнула выкарыстоўваць гэтую паромную пераправу.
Апошні раз загружаны вайсковай тэхнікай паром на шляху з Новай Кахоўкі ў Казацкае трапіў на спадарожнікавыя здымкі сэрвісу Planet.com 4 кастрычніка. 5 кастрычніка ён таксама з поўнай загрузкай ідзе назад у Новую Кахоўку. Адзін з такіх «эвакуацыйных» рэйсаў, пэўна, і быў зьняты на відэа Макарам Цяплінскім.
На здымку 8 кастрычніка паром ужо ідзе ў Казацкае пустым:
«Працягваем вызваленьне»
Украінскія ўлады спакойна адрэагавалі як на паведамленьні аб арганізаваным Расеяй вывазе цывільных жыхароў з правага берага Дняпра, так і на ўказ Пуціна аб ваенным становішчы на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Як заявіў у сераду дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Украіны Міхаіл Падаляк, «ваеннае становішча» ў Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцях «нічога не мяняе для Ўкраіны».
«Увядзеньне „ваеннага становішча“ на акупаваных тэрыторыях з боку РФ варта разглядаць толькі як псэўдалегалізацыю марадэрства і разрабаваньня маёмасьці ўкраінцаў перад чарговай „перагрупоўкай“. Для Ўкраіны гэта не мяняе нічога: працягваем вызваленьне і дэакупацыю сваіх тэрыторыяў», — напісаў Падаляк у Twitter.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў лічыць, што ўказ Пуціна аб увядзеньні ваеннага становішча на акупаваных тэрыторыях — гэта падрыхтоўка да дэпартацыі ўкраінскага насельніцтва гэтых тэрыторый:
«Ваеннае становішча Пуціна ў анэксаваных рэгіёнах Украіны — гэта падрыхтоўка да масавай дэпартацыі ўкраінскага насельніцтва ў дэпрэсіўныя раёны Расеі для зьмены этнічнага складу акупаванай тэрыторыі. Злачынства, якое павінна быць асуджаным ААН і якое ўжо было зроблена Расеяй у Крыме і засталося непакараным», — цытуе словы Данілава ўкраінская служба Радыё Свабода.
Па стане на вечар 19 кастрычніка найбліжэйшыя ўкраінскія пазыцыі знаходзіліся ад пасёлка Казацкае і Новай Кахоўкі менш чым за 40 кілямэтраў.