Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале полк Каліноўскага, сёньня ў Кіеве адбылася сустрэча прадстаўнікоў палку зь Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаньнем у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Дэмакратычная Беларусь».
Мяркуючы па фатаздымках, гаворка, імаверна, ідзе пра міжфракцыйную дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь», якую ачольвае дэпутат ад фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка. Група была створана ў 2020 годзе. У яе склад увайшлі дэпутаты з розных фракцый, у тым ліку ад праўладнай фракцыі «Слуга народу».
Дэпутат Ганчарэнка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пасьля сустрэчы: «Абмяркоўвалі, як адказаць на агрэсію Лукашэнкі і як лепш падтрымаць полк. Ім падзякавалі за тое, што яны разам з нашымі вайскоўцамі дапамагаюць нам вызваляць Украіну.
Дарэчы, адкрыю невялікі сакрэт, у палку Каліноўскага ўжо рыхтуюць новыя камплекты абмундзіраваньня. Бо калі Лукашэнка загадае сваім войскам напасьці на Украіну, гэтыя войскі пяройдуць на наш бок. Іх трэба будзе апрануць, узброіць і адправіць назад – Беларусь вызваляць! І тое, што Беларусь будзе вольнай, гэта ўжо зьдзейсьнены факт!»
Згодна з украінскім заканадаўствам, міжфракцыйнае аб’яднаньне не ўпаўнаважана афіцыйна прадстаўляць парлямэнт Украіны. Дзейнасьць такой групы забясьпечваюць самі дэпутаты, у той час як міжпарлямэнцкай групы ці камісіі — апарат Вярхоўнай Рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала поўнач і цэнтар Украіны дронамі з тэрыторыі Беларусі«Украінскі бок выказаў павагу беларусам, якія змагаюцца са зброяй у руках за Ўкраіну, і задэкляраваў жаданьне супрацоўнічаць з Палком Каліноўскага як зь легітымным прадстаўніком беларускага народу», — гаворыцца ў паведамленьні ў ТГ-канале палку.
Згодна з паведамленьнем, «у адказ на запыт ваяроў палку дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны вырашылі прапанаваць Кабінэту Міністраў унесьці зьмены ў Пастанову ў адносінах да грамадзян Беларусі».
Гаворка ідзе пра пастанову, паводле якой чальцам сем’яў загінулых добраахвотнікаў, «якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі РФ або Рэспублікі Беларусь», не выплачваецца аднаразовая грашовая дапамога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што апанэнты Лукашэнкі могуць прапанаваць Украіне? Кавалеўскі расказаў, пра што гутарыў з украінскімі ўладамі«Таксама дэпутаты вырашылі вынесьці на галасаваньне пастанову аб прызнаньні Беларусі часова акупаванай Расеяй тэрыторыяй. Дамовіліся, што дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны разам з прадстаўнікамі Палку Каліноўскага будуць адстойваць інтарэсы беларускага народу ў эўрапейскіх і сусьветных парлямэнцкіх інстытуцыях АБСЭ, ПАРЭ, Парлямэнцкай асамблеі NATO. Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся пра сталую супрацу з дэпутацкім корпусам Украіны ў рэчышчы вызваленчай барацьбы ўкраінскага і беларускага народаў», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу палку Каліноўскага.