«Наша Ніва» паведаміла пра ўцёкі за мяжу спэцназаўца «Альфы». КДБ пракамэнтаваў

Паводле КДБ, паведамленьне «Нашай Нівы» аб тым, што за мяжу ўцёк спэцназавец з падразьдзяленьня «Альфа», не адпавядае рэчаіснасьці.

«Наша Ніва» напісала 18 кастрычніка, што «нядаўна за мяжу зьбег вайсковец спэцназу КДБ „Альфа“». Выданьне дадало, што пасьля гэтых уцёкаў групу спэцназаўца паставілі «на карантын» і адхілілі ад выкананьня заданьняў ды пачалі праверку і пошук іншых патэнцыйных «здраднікаў».

Паводле папярэдняй інфармацыі «Нашай Нівы», уцёк афіцэр у званьні капітана.

Яго імя, пасада, а таксама ўзровень ягоных допускаў да інфармацыі пакуль невядомыя. У якіх «апэрацыях» ён браў удзел, таксама невядома.

Паводле «Нашай Нівы», нелегальны пераход граніцы адбыўся пры канцы верасьня. З крыніц у эміграцыйных структурах «Нашай Ніве» стала вядома, што ў пераходзе мяжы спэцназаўцу дапамагала антылукашысцкае падпольле.

Вядома, што цяпер гэтага спэцназаўца правяраюць контратэрарыстычныя службы адной з сумежных дзяржаў, але «асаблівага даверу ён не выклікае і мэты яго няясныя», сказаў «Нашай Ніве» інфармаваны прадстаўнік эміграцыі.

Прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш сказаў, што ў гэтым выпадку гаворка можа ісьці пра былога вайскоўца, звольненага 9 жніўня 2022 году «па дыскрэдытуючых абставінах».

Паводле Яраша, былы вайсковец у 2022 годзе «ўчыніў шэраг ашуканскіх дзеяньняў у дачыненьні да грамадзян Рэспублікі Беларусь, у выніку чаго завалодаў грашовымі сродкамі на агульную суму звыш $30 тыс. у эквіваленце». Прадстаўнік КДБ дадаў, што ў дачыненьні да гэтага вайскоўца ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 209 (махлярства) КК Рэспублікі Беларусь, праз што ён зьехаў і цяпер абвешчаны ў вышук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ і Мінабароны Беларусі заявілі, што ў лістападзе чакаецца атака з Украіны на Маларыту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская дзяржава і яе карны апарат — гэта забойцы і гвалтаўнікі». Беларус-добраахвотнік «Марк» пра дыктатуру і вайну