КДБ і Мінабароны Беларусі заявілі, што ў лістападзе чакаецца атака з Украіны на Маларыту

Іван Тэртэль

Кіраўнікі сілавых структур Беларусі сустракаюцца з працоўнымі калектывамі найбуйнейшых заводаў і заяўляюць на гэтых сустрэчах пра агрэсіўныя пляны Ўкраіны.

Прадстаўнікі КДБ і Мінабароны ўзмацнілі ваенную рыторыку, яны назвалі тэрміны і кірунак, адкуль яны ўжо чакаюць мітычнага нападу з Украіны, якая абараняецца ад расейскай агрэсіі. Ва Ўкраіне чакаюць новай атакі з тэрыторыі Беларусі, куды сьцягваецца групоўка расейскіх войскаў.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль 17 кастрычніка на сустрэчы кіраўнікоў сілавых ведамстваў краіны з працоўным калектывам Менскага трактарнага заводу (МТЗ) заявіў:

«Што нас турбуе? Вядома, стварэньне незаконных узброеных фармаваньняў на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы і Літвы, а таксама ў Чэхіі і некаторых іншых дзяржавах. Фінансуюцца гэтыя фармаваньні за кошт замежных фондаў, якія выдзяляюць вялізныя грошы для стварэньня ўмоў для дэстабілізацыі ў нашай краіне. Гэтыя ж сродкі ідуць на так званы полк Каліноўскага, а таксама на полк „Пагоня“.

Некалькі сотняў баевікоў знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, каля 80 чалавек — на тэрыторыі Польшчы і каля 60 — на тэрыторыі Літвы. Ва Ўкраіне гэтыя людзі рэальна ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях і гінуць на полі бою. Трэба разумець, што там ёсьць розныя людзі, якія працуюць на замежныя спэцслужбы, маюць службовыя пасьведчаньні вайсковай выведкі Ўкраіны».

Паводле Тэртэля, некаторыя з байцоў разьлічваюць, што актыўнай фазай будзе лістапад бягучага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская дзяржава і яе карны апарат — гэта забойцы і гвалтаўнікі». Беларус-добраахвотнік «Марк» пра дыктатуру і вайну

«Яны разьлічваюць, што Расея ня здолее аказаць Беларусі садзейнічаньне ў рамках саюзьніцкіх адносін, пацярпіць паразу, вымушана будзе пайсьці на саступкі, і ў гэтых умовах яны змогуць зайсьці з тэрыторыі Ўкраіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку», — цытуе Тэртэля дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости».

Як сказаў кіраўнік КДБ, «групоўка ў складзе ад 100 да 300 баевікоў з сучасным узбраеньнем, паводле іх плянаў, павінна будзе захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтар. Затым да іх далучацца найміты зь іншых краін з дабраахвотнікаў з Украіны. Паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць рухацца да Менску».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка як чырлідэр: бегае, скача, падтрымлівае расейскую каманду — але сам выходзіць на поле не жадае», — палітоляг Ягораў

Начальнік упраўленьня міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, памочнік міністра абароны палкоўнік Валер Равенка запэўніў, што беларускія сілавікі рыхтуюцца да абароны:

«Рэспубліка Беларусь будзе абараняць свае нацыянальныя інтарэсы ўсімі даступнымі сродкамі, у тым ліку з прымяненьнем вайсковай сілы, і пакідае за сабой права прымяняць комплекс прэвэнтыўных мер стратэгічнага стрымліваньня ў мэтах прадухіленьня нападу або нэўтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту».

Адной з такіх мер Равенка назваў разгортваньне рэгіянальнай групоўкі «саюзнай дзяржавы». З Расеі, паводле яго, у рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць каля 170 танкаў, да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм і да 200 баявых машын, а таксама 9000 чалавек асабістага складу. Пра 9 тысяч расейскіх салдат у Мінабароны казалі і раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Беларусі загаварылі аб «прымяненьні комплексу прэвэнтыўных мер стратэгічнага стрымліваньня»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумесная з Расеяй групоўка войскаў патрэбная Лукашэнку, каб абараніцца ад сілавога варыянту адхіленьня ад улады», — аналітык Чалы

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.