Камітэт дзяржкантролю заявіў аб затрыманьні дзьвюх службовых асобаў сеткі «Дабраном».
Заведзена крымінальная справа ў сувязі з павышэньнем цэнаў, паведамілі ў ведамстве.
«Праверкай устаноўлена, што службовыя асобы ЗАТ „Дабраном“, ведаючы аб забароне павышэньня раздробных цэнаў на тавары, не забясьпечылі прыняцьце належных мер для недапушчэньня іх росту ва ўласнай раздробнай гандлёвай сетцы таварыства», — гаворыцца ў паведамленьні КДК.
Паводле інфармацыі камітэту, цэны былі павялічаны па 30 пазыцыях, у тым ліку на каўбасныя вырабы, сыры, малочную і іншую прадукцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сетцы крамаў «Дабраном» і прыватных аптэках — затрыманьні за рост цэнаў6 кастрычніка Лукашэнка забараніў павышаць цэны на тавары. Адразу пасьля заявы Лукашэнкі аб недапушчальнасьці росту цэнаў КДК анансаваў у крамах буйныя праверкі і апублікаваў спэцыяльны тэлефонны нумар прымаць даносы.
Генпракуратура запатрабавала ад Сьледчага камітэту, МУС і ДФР КДК неадкладна распачынаць крымінальныя справы па кожным факце парушэньня заканадаўства, якое пацягнула за сабою неабгрунтаваны рост цэнаў, затрымліваць падазраваных і абіраць меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
Як вядома на 10 кастрычніка, па факце росту цэнаў распачалі больш за 10 крымінальных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Лукашэнкі ў Баранавічах завялі крымінальную справу за падвышэньне цаны на разабраных курэй