13 кастрычніка Юрыя Касьцюка зьбіраліся экстрадаваць з Расеі паводле «пастановы, якая не набыла законнай моцы». Па словах адвакаткі, Касьцюк парэзаў сабе вены. Пасьля аказаньня мэдыцынскай дапамогі яго пабілі прыставы і вярнулі ў Цэнтар часовага ўтрыманьня замежных грамадзян. 13 кастрычніка раніцай адвакатка даведалася, што Юрыя вывезьлі ў невядомым кірунку за 2 дні да абскарджаньня рашэньня суду.
Юрыя Касьцюка асудзілі за нібыта зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў на год абмежаваньня волі, пасьля чаго атрымаў рэальны тэрмін зьняволеньня, у горадзенскай турме ён прабыў больш за месяц. Вызваліўся 6 студзеня 2022 году.
14 лютага 2022 году Касьцюка затрымалі паўторна за ўдзел у чаце «Валейбол па выходных», які быў прызнаны экстрэмісцкім. Ён атрымаў адміністрацыйны арышт. Пасьля вызваленьня і завядзеньня крымінальнай справы за стварэньне і ўдзел у чаце зьехаў у Расею. 15 траўня яго затрымалі ў Сочы нібыта за парушэньне міграцыйнага рэжыму і зьмясьцілі ў СІЗА. Яму прызначылі выправаджэньне ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скаргу палітвязьня Касьцюка на рашэньне аб дэпартацыі з РФ у Беларусь разгледзяць 17 кастрычніка, яму сабралі грошы на квіток у ВаршавуЮры абскардзіў рашэньне аб экстрадыцыі, папрасіў статус уцекача. Расейскі суд павінен быў разглядаць яго скаргу на экстрадыцыю ў панядзелак 17 кастрычніка.
- Адвакат Касьцюка на судзе плянаваў рабіць акцэнт на факт адмовы ў экстрадыцыі маладога чалавека і папросіць замяніць пакараньне «з прымусовага выправаджэньня на самастойны кантраляваны выезд». Для гэтага Юрыю трэба было мець на руках квіток у трэцюю краіну, беларусы абвясьцілі збор сродкаў на білет.
- Раней беларуская праваабарончая ініцыятыва Dissidentby паведаміла, што 13 кастрычніка ў аэрапорце Касьцюк «спрабаваў нашкодзіць сабе» і парэзаў сябе, «каб спыніць катаваньні і незаконную экстрадыцыю». «Яго вярнулі ў цэнтар часовага ўтрыманьня замежных грамадзян, дзе ён зьняў пабоі, — гаварылася ў паведамленьні. — 15 кастрычніка павінна была адбыцца сустрэча з адвакатам, але прыставы вывезьлі Юрыя ў невядомым кірунку. Адваката не дапускаюць і не даюць азнаёміцца з дакумэнтамі».