Кіраўнік МНС пра бамбасховішчы: у Беларусі ёсьць больш за 5000 аб’ектаў, дзе можна хавацца ад ракетных удараў

Вадзім Сіняўскі

У Беларусі вядзецца праца, якая, калі ўзьнікне небясьпека, дазволіць выратаваць і абараніць насельніцтва, расказаў у эфіры АНТ кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі.

Паводле міністра, у краіне ёсьць больш за 5000 розных закрытых збудаваньняў, якія можна выкарыстоўваць для хаваньня насельніцтва ў выпадку, у тым ліку, ракетных удараў.

«Мы зробім апэратыўнае апавяшчэньне і будзем апавяшчаць людзей, дзе, калі, у якім рэгіёне можна спусьціцца ў сховішчы для таго, каб быць абароненым ад гэтых рэчаў. Гэта першая гісторыя. І другая гісторыя — эвакуацыя ў выпадку ўжо непасрэдна ўзьніклай надзвычайнай сытуацыі. Трэнуем нашы сілы, сродкі, каб апэратыўна можна было арганізаваць пры неабходнасьці гэтую эвакуацыю». — сказаў Сіняўскі.

Ён таксама расказаў, дзе можна перачакаць небясьпеку ў выпадку неабходнасьці, калі чалавек ня ведае, дзе знаходзіцца падрыхтаванае бамбасховішча.

«Першае сховішча, якое можа прымяніць чалавек у выпадку неабходнасьці — гэта проста элемэнтарны падвал свайго шматпавярховага дома. Гэта падземныя пераходы, гэта мэтро, куды можна спусьціцца для таго, каб схавацца. Сёньня ў нас працуе шмат прамысловых прадпрыемстваў як у горадзе Менску, так і за межамі сталіцы».

Паводле Сіняўскага, кожнае прамысловае прадпрыемства, у тым ліку хімічна небясьпечнае або выбухованебясьпечнае, мае адпаведныя закрытыя збудаваньні. Насельніцтва, якое там знаходзіцца, будзе ў гэтых ахоўных збудаваньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску каля 1000, самае вялікае — на МАЗе. Расказваем пра бамбасховішчы ў Беларусі