9 краін выступілі супраць удзелу Расеі і Беларусі ў генэральнай асамблеі Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў

Ілюстрацыйнае фота

Нарвэгія, Швэцыя, Фінляндыя, Польшча, Данія, Эстонія, Літва, Латвія і Ісьляндыя не падтрымалі допуск Расеі і Беларусі да генэральнай асамблеі Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (АНАК). Нацыянальныя алімпійскія камітэты гэтых краін выступілі з сумеснай заявай.

Генэральная асамблея АНАК адбудзецца 18-21 кастрычніка ў карэйскім Сэуле. На ёй выступіць кіраўнік Алімпійскага камітэту Расеі (АКР) Станіслаў Пазьнякоў, пра ўдзел беларускай дэлегацыі ў форуме пакуль падрабязнасьцяў няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія гульні-2023 пройдуць у Польшчы без расейскіх і беларускіх спартоўцаў

«НАК Нарвэгіі зыходзіць з таго, што будзе ўдзельнічаць у генэральнай асамблеі, нават калі там будуць расейскія і беларускія дэлегаты. Мы лічым, што міжнародны спорт знаходзіцца ў вельмі цяжкой сытуацыі, і ў НАК Нарвэгіі ёсьць дакладная пазыцыя, якую важна данесьці да форумаў, на якіх прымаюцца рашэньні.

І хаця нам непрыемны ўдзел Расеі і Беларусі ў падобных сустрэчах, нам важна, каб нарвэскі спорт рабіў свой унёсак у дыскусію і меў магчымасьць прасоўваць наш пункт гледжаньня», — гаворыцца ў асобным паведамленьні НАК Нарвэгіі.

Пратэст краін супраць допуску НАК Расеі і НАК Беларусі да генэральнай асамблеі АНАК выкліканы вайной, пачатай Расеяй супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі ў Беларусі падтрымаў дзеяньні Масквы і прадставіў сваю тэрыторыю пад ракетныя ўдары і перамяшчэньне расейскіх войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашызм крынжовы». Вялікая размова з выканаўчым дырэктарам Фонду спартыўнай салідарнасьці Аляксандрам Апейкіным
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры спорту 35 краін запатрабавалі прыпыніць сяброўства Беларусі і Расеі ў спартыўных арганізацыях