У анэксаваным Расеяй Севастопалі днём 15 кастрычніка спрацавала сыстэма супрацьпаветранай абароны, паведамляюць мясцовыя жыхары.
Прызначаны Расеяй губэрнатар Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што СПА ў Казацкай Бухце працуе ў трэніровачным рэжыме, і папрасіў захоўваць спакой.
Пазьней зьявіліся паведамленьні аб рабоце СПА ў Белгарадзкай вобласьці РФ. Губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў заявіў, што пад абстрэл патрапіла нафтабаза ў раёне сяла Разумнае, там узьнік пажар, які ўжо пачалі тушыць.
Па словах Гладкова, па нафтабазе патрапіў адзін снарад. Паводле дадзеных ТАСС, пашкоджаны адзін з дзесяці рэзэрвуараў.
14 кастрычніка ў Белгарадзе з прычыны абстрэлу была пашкоджана электрападстанцыя, якая адносіцца да ЦЭЦ «Луч». На ёй узьнік пажар. Частка горада часова засталася без электрычнасьці. Днём раней ракета або яе аскепкі ўпалі на шматпавярховы дом у Белгарадзе. Частка будынка абвалілася. Раней большасьць школ і ВНУ горада і вобласьці перайшлі на рэжым дыстанцыйнага навучаньня з прычыны небясьпечнай абстаноўкі.
У Расеі абвінавацілі Ўзброеныя сілы Ўкраіны ў абстрэлах. Украінскі бок не паведамляў пра абстрэлах Белгарада ці Крыму. Як правіла, афіцыйна Кіеў не камэнтуе магчымыя ўдары па расейскіх ці анэксаваных тэрыторыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскім Белгарадзе — выбухі. Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што гэта вынік няўдалага запуску ракет па Харкаве