Падчас візіту ў Брусэль Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчы з кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту і Эўракамісіі, прэзыдэнтам Фляндрыі, міністрам замежных справаў Бэльгіі, сьпікеркамі чэскага, літоўскага, кіпрскага парлямэнтаў і дэпутатамі Эўрапарлямэнту. Таксама яна сустрэлася зь беларусамі Брусэля.
алоўныя вынікі візыту, паводле прэс-службы Ціханоўскай:
- У Брусэлі створаная Місія дэмакратычнай Беларусі, кіраваць якой прызначаны Ўладзімер Астапенка.
- З прэзыдэнткай Эўрапарлямэнту Рабэртай Мэцолай дамовіліся знайсьці спэцыяльны фармат адносінаў паміж Эўрапарлямэнтам і Аб’яднаным Пераходным Кабінэтам, правесьці кампанію напісаньня лістоў палітвязьням. Абмеркавалі магчымую кампанію па падтрымцы палітвязьняў.
- На сустрэчы з эўракамісарам Олівэрам Варгеліем абмеркавалі павелічэньне падтрымкі ЭЗ для беларускіх праваабаронцаў, незалежных мэдыяў, бізнэсу і культуры на 2023 год.
- Міністры ЭЗ запрасілі Сьвятлану Ціханоўскую выступіць на Радзе міністраў ЭЗ 14 лістапада. Таксама яны разгледзяць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі (у пакеце асобна ад Расеі).
- З дэпутатамі Эўрапарлямэнту дамовіліся, што на паседжаньні Эўранэсту, якое адбудзецца ў Малдове, прадстаўляць Беларусь будзе дэлегацыя дэмакратычных сілаў, а не рэжыму. Таксама дамовіліся правесьці мерапрыемства ў падтрымку рэпрэсаваных прафсаюзаў і рабочых у межах Эўрапарлямэнту.
- Беларусь, прадстаўленая дэмакратычнымі сіламі, застанецца ў праграмах «Усходняга партнэрства». Беларускія НДА будуць мець доступ да праграмаў падтрымкі.
- Міністарка замежных справаў Бэльгіі заявіла, што Бэльгія працягне падтрымку незалежных мэдыяў у Беларусі. Абмеркавалі статус Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі, а таксама супрацу бэльгійскага ўраду зь беларусамі на месцы.
- Сьпікерка парлямэнту Кіпра запрасіла Ціханоўскую на Кіпр з афіцыйным візытам. Таксама яна разгледзіць магчымасьць прыняць дзяцей з рэпрэсаваных сем’яў (як было зроблена ў Італіі і Нарвэгіі) і закліча дэпутатаў кіпрскага парлямэнту браць палітвязьняў пад апеку.