Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн даручыў вылучыць з абароннага бюджэту ЗША яшчэ 725 мільёнаў даляраў на дапамогу Ўкраіне ў галіне бясьпекі і абароны.
Новы пакет дапамогі ўключае ваенную тэхніку і боепрыпасы, у тым ліку высакахуткасныя супрацьрадыёлякацыйныя ракеты HARM, дадатковыя боепрыпасы для сыстэм HIMARS, стралковую зброю і больш за два мільёны патронаў да яе. Акрамя таго, ЗША накіруюць ва Украіну мэдыцынскае прыладдзе і нададуць дапамогу ў вайсковым навучаньні.
Афіцыйны прадстаўнік ЗША паведаміў агенцтву Reuters, што чарговы пакет дапамогі прызначаны для падтрымкі сіл Украіны ў контрнаступе. Украінская армія вызваліла ўжо 1620 населеных пунктаў, паводле інфармацыі Офіса прэзыдэнта Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ і краіны G7 паабяцалі ўзмацніць фінансавую падтрымку Ўкраіны і абмежаваць даходы Расеі ад нафты- З пачатку 2022 году ЗША вылучылі Ўкраіне больш за 50 мільярдаў даляраў, з якіх амаль 27 мільярдаў — непасрэдна на ваенныя патрэбы.
- ЗША, краіны Эўропы, а таксама Японія і Аўстралія ўжо надалі дапамогу Ўкраіне на мільярды даляраў — ваенную, фінансавую і гуманітарную. Дапамога ЗША найбольш істотная. Сьледам за ЗША па памерах траншаў Украіне разьмяшчаюцца Вялікая Брытанія, Нямеччына, Канада і Польшча.
- Раней прадстаўнікі Расеі ня раз камэнтавалі дапамогу заходніх краін Украіне. На іх думку, пастаўляючы зброю ва Ўкраіну, NATO «гуляе з агнём». Таксама Расея разаслала некалькім краінам, у тым ліку ЗША, ноту з асуджэньнем паставак узбраеньня ва Ўкраіну.