13 кастрычніка ў судзе Партызанскага раёна Менска калёнію прысудзілі палітзьняволеным сужэнцам Алене і Дзьмітрыю Паўловічам. Іх абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». На волі ў пары засталіся двое непаўналетніх дзяцей.
Алене прысудзілі два гады, а Дзьмітрыю — 1,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Прысуд вынес Міхаіл Макарэвіч.
Сужэнцаў прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Алена Паўловіч — гаспадыня салёну друку «Ліса» з Барысава. Яе разам з мужам затрымалі ў канцы ліпеня 2022 году. Пры ператрусе сілавікі прымусілі Алену зьдзіраць са сьцяны бела-чырвоныя шпалеры.
На волі ў мужа і жонкі засталіся двое непаўналетніх дзяцей, якія цяпер знаходзяцца з бабуляй.
У лістах на волю зьняволеныя пішуць, што ня страчваюць бадзёрасьці духу, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 кастрычніка: «рэйкаваму партызану» з Асіповічаў прысудзілі 11 гадоў калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі судзяць пэнсіянэра з псыхічным захворваньнем. Ён дасылаў тэлеканалу «Белсат» sms з кнопачнага тэлефона