Расея і Ўкраіна правялі чарговы абмен палоннымі

Украінскія вайскоўцы, вернутыя з палону пры абмене на мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю ў верасьні 2022.

Расея і Ўкраіна абмяняліся палоннымі. Абмененыя па 20 чалавек з кожнага боку. Сярод вызваленых украінцаў — 14 вайскоўцаў, 4 удзельнікі тэрытарыяльнай абароны, адзін баец нацгвардыі і адзін марак. Пра гэта паведаміў дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Частка людзей была ў палоне ў Аленаўцы Данецкай вобласьці і на акупаваных расейскім войскам тэрыторыях Запароскай і Херсонскай абласьцей.

Мінабароны Расеі пацьвердзіла абмен, але дэталяў не раскрыла.

Апошні раз бакі паведамлялі пра абмен палоннымі 11 кастрычніка. Украінскі бок расказаў, што атрымаў 32 чалавек, а таксама цела ізраільцяніна Дзьмітрыя Фіялкі.

Да гэтага буйны абмен Расея і Ўкраіна правялі 22 верасьня. Тады Кіеву выдалі 215 чалавек, у тым ліку байцоў батальёну «Азоў». Кіеў перадаў прарасейскага палітыка Віктара Медзьведчука. Таксама ў Расею вярнуліся 55 чалавек, у тым ліку прарасейскія сэпаратысты. Пасярэднікам у абмене выступала Турэччына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна афіцыйна прызнала, што апошні абмен палоннымі з Расеяй ажыцьцяўляўся на мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WP: ФСБ была супраць абмену «азоўцаў» на Медзьведчука, але Пуцін настаяў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас катавалі дзеля забавы». Што расказалі вызваленыя з расейскага палону грамадзяне Вялікай Брытаніі