Amnesty International: У Латвіі уцекачоў і мігрантаў, якія трапляюць зь Беларусі, катуюць і прымушаюць «добраахвотна» вярнуцца ў свае краіны

Мігранты на мяжы з Латвіяй

Згодна з новымі высновамі, апублікаванымі ў справаздачы Amnesty International, латвійскія ўлады жорстка адціскалі ўцекачоў і мігрантаў на мяжы краіны зь Беларусьсю, сур’ёзна парушаючы правы чалавека многіх зь іх, уключаючы таемныя затрыманьні і нават катаваньні.

Справаздача «Латвія: „Вяртайся дадому або ніколі не пакідай лес“» раскрывае жорсткае абыходжаньне зь мігрантамі і ўцекачамі, у тым ліку дзецьмі, якія адвольна ўтрымліваліся ў невядомых месцах у латвійскім лесе і незаконна і гвалтоўна вярталіся ў Беларусь. Многія сутыкаліся з пабіцьцём і электрашокерам, у тым ліку па палавых органах. Некаторыя зь іх былі незаконна вымушаныя «добраахвотна» вярнуцца ў свае краіны.

«Латвійскія ўлады пакінулі мужчын, жанчын і дзяцей на волю лёсу ў маразы, часта ў лясах або ў намётах. Яны гвалтоўна выціснулі іх назад у Беларусь, дзе яны не маюць магчымасьці знайсьці абарону. Гэтыя дзеяньні ня маюць нічога агульнага з аховай мяжы і зьяўляюцца грубым парушэньнем міжнароднага права і права ЭЗ». — сказала Іў Гэдзі, дырэктарка офіса эўрапейскіх інстытутаў Amnesty International.

10 жніўня 2021 году Латвія ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з павелічэньнем колькасьці людзей, якія траплялі туды зь Беларусі. У адрозьненьне ад права ЭЗ і міжнароднага права, а таксама прынцыпу невысыланьня, правілы надзвычайнага становішча прыпынілі права шукаць прытулку ў чатырох памежных раёнах і дазволілі латвійскім уладам прымусова і хутка вяртаць людзей у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сустрэчах у Эўрапарлямэнце Ціханоўская гаварыла, «як спыніць двух шалёных дыктатараў»

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго, як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце ў Астане Лукашэнка загаварыў пра трэцюю сусьветную вайну