КДБ зможа абмежаваць беларусам выезд з краіны на паўгода, калі ён «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю, удакладненьняў з афіцыйных крыніц няма.
Выезд будзе забаронены і тым, у адносінах да каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а суд яшчэ не адбыўся. Сюды адносяцца і «палітычныя» артыкулы КаАП: «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў», «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і гэтак далей.
Супрацоўнікам сілавых ведамстваў, уключаючы цывільны пэрсанал, можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненьні з кіраўніцтвам, якое можа накласьці забарону «ў мэтах забесьпячэньня інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі да спыненьня абставінаў, якія перашкаджаюць выезду». Калі ў такіх асобаў ёсьць біямэтрычны пашпарт, на час службы яго давядзецца здаць у аддзел кадраў.
Парадак выезду зь Беларусі дзяржаўных службоўцаў будзе вызначаць урад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі адменяць адтэрміноўку ад прызыву для студэнтаў, якія вучацца за мяжойПрызыўнікі, а таксама грамадзяне ва ўзросьце да 27 гадоў, залічаныя ў запас па стане здароўя без праходжаньня тэрміновай вайсковай службы або службы ў рэзэрве, змогуць выяжджаць на ПМЖ за межы краіны са згоды ваенкамату.
Беларусы, якія ўвесь час пражываюць за мяжой, абавязаныя стаць там на сталы консульскі ўлік.
Цяпер Савет Рэспублікі павінен ухваліць законапраект, а Лукашэнка — падпісаць, потым дакумэнт ужо ў статусе закону афіцыйна апублікуюць на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пасьля гэтага забарона на выезд супрацоўнікаў сілавых ведамстваў без дазволу набывае моц праз два месяцы, астатнія зьмены — адразу пасьля апублікаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцякаць, пакуль выпускаюць? Дазвол на выезд — апошняе, што ў беларусаў пакуль не адабралі