Баранавіцкая міжраённая пракуратура завяла крымінальную справу за неабгрунтаванае павышэньне цаны на птушкафабрыцы «Дружба» на курыныя тушкі.
Паводле ведамства, начальнікі птушкафабрыкі далі ўказаньні падначаленым «аб дадатковай перапрацоўцы — няпоўным расьпіле кураняці-бройлера на дзьве часткі без істотных затрат і ўтварэньня новага віду тавару; рэалізацыі такога тавару па завышанай цане без уліку ўведзеных абмежаваньняў».
Гэтыя дзеяньні кваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (перавышэньне службовых паўнамоцтваў, зьдзейсьненае з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці), гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога кіраўніка птушкафабрыкі «Дружба» затрымалі за хабар у 6,5 тысячы даляраўМіністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю пастанавіла, што разабранае кураня-бройлер па частках мусіць каштаваць столькі, колькі і цэлы бройлер, або толькі на 10% больш — залежыць ад спосабу разбору.
Беларускім крамам забаранілі самастойна разьбіраць курыныя тушкі на продаж.
Усё пачалося з таго, што Лукашэнка раскрытыкаваў на эканамічнай нарадзе падвышэньне цэнаў на курыцу:
«Расчлянілі дохлую курыцу, упіхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар! Чаму ў 2-3 разы падаражэў тавар? Таму што вы яго напалам разрэзалі?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі дырэктара птушкафабрыкі «Дружба», які ўваходзіць у Савет Рэспублікі. На прадпрыемстве кажуць, што яго затрымлівалі