NATO вырашыла ўзмацніць прысутнасьць у Балтыйскім і Паўночным морах

Караблі NATO падчас вучэньняў у Балтыйскім моры ў 2020 годзе

У адказ на выбухі на газаправодах «Паўночны паток» NATO ўзмацняе абарону крытычнай інфраструктуры. Любая атака на яе пацягне за сабой «рашучы і згуртаваны адказ», заявіў генэральны сакратар альянсу Столтэнбэрг.

NATO ўзмоцніць абарону крытычнай інфраструктуры краін альянсу ў адказ на меркаваныя дывэрсіі на расейскіх газаправодах «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2» у Балтыйскім моры.

«Мы павялічылі прысутнасьць у Паўночным і Балтыйскім морах да 30 караблёў», — заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 11 кастрычніка ў Брусэлі. Паводле яго слоў, гэтыя караблі атрымліваюць падтрымку з паветра і дзейнічаюць з дапамогай падводных прыстасаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO пра напад Расеі на Ўкраіну: «Лукашэнка павінен спыніць любыя крокі па ўступленьні ў гэты незаконны канфлікт»

«Любая атака на аб’екты крытычнай інфраструктуры краін NATO пацягне за сабой згуртаваны і рашучы адказ», — заявіў генэральны сакратар паўночнаатлянтычнага альянсу.

Столтэнбэрг ня выключыў, што ў выпадку буйной дывэрсіі NATO можа скарыстаць 5 артыкул свайго статуту аб калектыўнай абароне. Да крытычнай інфраструктуры, паводле яго слоў, адносяцца ня толькі газаправоды, але і падводныя кабэлі электрасетак і інтэрнэту.

  • У канцы верасьня на ўчастках газаправодаў «Паўночны паток — 1» і " Паўночны паток — 2», якія вядуць з Расеі ў Нямеччыну, непадалёк ад дацкага вострава Борнхальм у выключных эканамічных зонах Даніі і Швэцыі адбылося некалькі магутных выбухаў, у выніку якіх утварыліся ня менш як чатыры пашкоджаньні. Улады Швэцыі правялі расьсьледаваньне, заявіўшы па яго выніках, што «Паўночныя патокі» былі разбураны наўмыснымі выбухамі. 9 кастрычніка расьсьледаваньне пачала Фэдэральная пракуратура Нямеччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцечка з сыстэмы газаправодаў «Паўночны паток» спынілася праз тыдзень пасьля выбухаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўночныя патокі» пасьля выбухаў больш не існуюць, Эўропа перажыве без расейскага газу, — расейскі экспэрт Круціхін