Джэрэмі Флемінг выступіць у аўторак са штогадовай лекцыяй пра бясьпеку ў Каралеўскім аб'яднаным інстытуце абаронных дасьледаваньняў у Лёндане.
Вытрымкі з прамовы кіраўніка спэцслужбы журналісты Бі-бі-сі атрымалі ўвечары ў панядзелак.
Як лічаць у GCHQ, нягледзячы на інтэнсіўныя ракетныя абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, якія адбыліся напярэдадні, боепрыпасы ў расейскіх вайскоўцаў заканчваюцца, а рашэньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аказаліся памылковымі.
Выдаткі Расеі на вайну ва Ўкраіне ў пляне людзей і абсталяваньня ашаламляюць, але ўсе посьпехі расейскіх войскаў у першыя месяцы вайны цяпер зьведзеныя на нішто, гаворыцца ў заяве Флемінга.
«Мы ведаем (і расейскія камандзіры на месцах ведаюць), што іх запасы і боепрыпасы заканчваюцца, — мяркуе кіраўнік GCHQ. —Ва ўмовах адсутнасьці эфэктыўнага ўнутранага супрацьдзеяньня рашэньні Ўладзіміра Пуціна аказаліся памылковымі. Гэта стратэгія высокіх ставак, якая прыводзіць да стратэгічных памылак у меркаваньнях».
Тое, як моцна Пуцін памыліўся ў ацэнцы сытуацыі, бачаць і расейскія грамадзяне, лічаць у брытанскай спэцслужбе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны ацанілі, як Расея можа выкарыстаць Беларусь для вайны супраць Украіны