Расейскія хакеры атакавалі амэрыканскія аэрапорты

GENERIC – Russian hacker. Hacking laptop with binary computer code and russia flag on the screen. Internet and network security.

Сайты некалькіх найбуйнейшых аэрапортаў ЗША сталі ў панядзелак аб’ектам кібэратак, крыніца якіх знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. Пра гэта паведамляюць амэрыканскія СМІ са спасылкай на афіцыйныя асобы.

Напады не закранулі сыстэм, адказных за кантроль паветранага руху і бясьпеку палётаў. Яны на некаторы час цалкам або часткова заблякавалі доступ да сайтаў аэрапортаў, у тым ліку з інфармацыяй аб прылётах і вылетах самалётаў. Першым абʼектам нападаў стаў нью-ёрскі аэрапорт La Guardia, затым атакі распаўсюдзіліся на аэрапорты Лос-Анджэлесу, Чыкага, Атланты, Дэ-Мойна.

Як сказаў у інтэрвію тэлеканалу ABC Джон Голкуіст, супрацоўнік фірмы Mandiant, якая займаецца кібэрбясьпекай, за гэтым нападам, хутчэй за ўсё, стаіць група расейскіх хакераў Killnet. Паводле яго, няма сьведчаньняў датычнасьці расейскіх уладаў да арганізацыі гэтых нападаў. Група Killnet стала вядомай пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну атакамі на кампутарныя сыстэмы ў краінах — саюзьніках Украіны. У апошні час яна брала на сябе адказнасьць за напады на сайты амэрыканскіх дзяржаўных службаў.

«На гэты момант напады не нанесьлі шкоды, але мы ўважліва сочым за імі», — заявіў прадстаўнік фэдэральнай службы бясьпекі на транспарце.
Кіраўнік дэмакратычнай фракцыі ў Сэнаце Чак Шумэр лічыць, што гэтыя атакі зьяўляюцца рэакцыяй на выбух Керчанскага моста.

«Мы просім нашы ўлады пацьвердзіць інфармацыю аб тым, хто стаіць за гэтымі атакамі, а затым прыняць адпаведныя рашучыя дзеяньні з тым, каб расейцы ведалі, што ім гэта ня сыдзе з рук», — заявіў сэнатар Шумэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: Хакеры з Расеі, Беларусі і Кітаю атакуюць Польшчу, асноўная цэль — Міністэрства абароны і вайсковыя ўстановы