Нямецкі чыгуначны апэратар Deutsche Bahn заявіў, што прычынай перабояў у сетцы цягнікоў на поўначы Нямеччыны стала наўмыснае ўмяшаньне.
«Сабатаж з кабэлямі, якія былі жыцьцёва важнымі для руху цягнікоў, прывёў да таго, што Deutsche Bahn раніцай у суботу быў вымушаны спыніць рух цягнікоў на поўначы краіны амаль на тры гадзіны», — сказалі ў Deutsche Bahn.
Апэратыўнай інфармацыі аб патэнцыйных падазраваных няма. Сьледчыя, аднак, заявілі, што кабэлі сувязі былі абарваныя ў адным месцы за межамі Бэрліну, а ў іншым — у зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія.
Міністар унутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэйзер заявіла, што ўлады «павінны меркаваць, што за збоем чыгункі стаяць наўмысныя дзеяньні, паколькі кабэлі былі абарваны ў двух месцах».
Міністар транспарту Фолкер Вісінг дадаў: «Відавочна, што гэта была мэтанакіраваная і зламысная акцыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Meta: расейскія дэзынфарматары падраблялі сайты заходніх СМІРаней у суботу Deutsche Bahn паведаміла аб «тэхнічнай няспраўнасьці на лініі» пасьля спыненьня руху цягнікоў у значнай частцы паўночнай Нямеччыны.
«Прычына таму — збой лічбавай сыстэмы радыёсувязі цягнікоў», — адзначылі ў кампаніі.
Празь некалькі гадзін Deutsche Bahn паведаміла, што праблема вырашана, але далейшыя адмены і збоі ў абслугоўваньні ўсё яшчэ магчымыя.
Кабэлі камунікацыйнай сеткі DB былі абарваныя ў двух месцах, паведамілі часопісу Der Spiegel неназваныя крыніцы ў службах бясьпекі. Часопіс першапачаткова адзначаў, што было незразумела, ці быў парэз ад рук дывэрсанта, ці гэта было выпадковае пашкоджаньне ў выніку будаўнічых работ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільённыя даўгі, канфіскаваныя Ўкраінай вагоны. Як праз вайну «Беларуская чыгунка» стала стратным прадпрыемствамПраблема закранула цягнікі ў значнай частцы паўночнай Нямеччыны, а таксама некаторыя міжнародныя маршруты. Паездкі з Гамбурга, Шлезьвіг-Гальштайна і Ніжняй Саксоніі ў напрамку Касэль-Вільгельмсхёэ, Бэрліна і Паўночнага Рэйна-Вэстфаліі прыпыніліся.
Адключэньне таксама паўплывала на высакахуткасныя цягнікі ICE паміж Бэрлінам, Гановэрам і Паўночным Рэйн-Вэстфаліяй. Цягнікі туды і назад з Бэрліну праз Амстэрдам цалкам адменены. Маршруты з і ў дацкія гарады Капэнгаген і Орхус будуць заканчвацца/пачынацца ў Падбаргу на поўдні Даніі.
Затрымкі і адмены цягнікоў сталі звычайнай зьявай у службах DB у апошнія гады. Аднак апошні збой адбыўся пасьля паведамленьняў аб дывэрсіях, нацэленых на жыцьцёва важны газаправод Nord Stream у мінулым месяцы, што прымусіла NATO і Эўрапейскі зьвяз абвясьціць трывогу па абароне крытычнай інфраструктуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўночныя патокі» маглі пашкодзіць мэтанакіравана, — крыніца ў нямецкім урадзе