«Шэдэўр дывэрсіі». ВВС апытала экспэртаў, як маглі арганізаваць выбух на Крымскім мосьце

У выніку выбуху на Керчанскім мосьце, які вядзе з Краснадарскага краю Расеі ў анэксаваны Крым, абрынулася частка дарожнага палатна, на мосце пачаўся пажар, былі таксама пашкоджаны чыгуначныя пуці.

Расейская служба ВВС сабрала вэрсіі экспэртаў аб тым, як такі выбух наогул мог быць магчымы і да якіх наступстваў ён прывядзе.

«Шмат выбухоўкі»

Старэйшы экспэрт па выбуховых рэчывах брытанскага войска ў адстаўцы называе падрыў Керчанскага мосту «шэдэўрам таемнай дывэрсіі».

«Адсутнасьць відавочных выбуховых/аскепкавых пашкоджаньняў на дарожным палатне сьведчыць аб тым, што авіяцыйная зброя не прымянялася», — адзначыў ён у размове з карэспандэнтам ВВС Полам Адамсам.

На думку экспэрта, прычынай выбуху магла стаць «атака зьнізу» моста. Ён мяркуе, што выбухі на аўтамабільным мосьце і чыгуначных пуцях «былі ініцыяваныя амаль адначасова з дапамогай кадаванай радыёкаманды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік анэксаванага Крыму Аксёнаў заявіў, што рух па Крымскім мосьце адкрылі для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў

Генэрал аўстралійскай арміі ў адстаўцы Мік Раян напісаў у сваім Твітэры, што для падобнага абвальваньня мосту неабходна шмат выбухоўкі — некалькі чалавек не змаглі б прынесьці столькі на сабе. Для гэтага таксама спатрэбіўся добра прадуманы плян выбуху, зазначае экспэрт, паколькі жалезабэтонныя масты — самыя ўстойлівыя з усіх.

«Некалькі грузавікоў або ракет/бомб змаглі б дасягнуць гэтай мэты, калі іх дакладна накіраваць у патрэбныя ўчасткі мосту», — лічыць Раян.

Афіцыйная расейская вэрсія здарэньня заяўляе, што на мосьце выбухнуў грузавік. Гэта прывяло да ўзгараньня сямі паліўных цыстэрнаў цягніка і да частковага абвальваньня двух аўтамабільных пралётаў, гаворыцца ў заяве Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту Расеі.

Аднак на мосьце, прынамсі афіцыйна, дзейнічае строгая сыстэма бясьпекі. Любы грузавік, які заяжджае на Крымскі мост, правяраецца на наяўнасьць выбухоўкі. На ўездах разьмешчаныя стацыянарныя інспэкцыйна-надглядныя радыётэхнічныя комплексы СТ-6035, якія правяраюць машыны на наяўнасьць выбуховых рэчываў.

Праверкай займаецца ФДУП «Упраўленьне ведамаснай аховы мінтранса Расеі» — у яго ёсьць дзяржаўны кантракт на ахову мосту на дзясяткі мільёнаў рублёў у год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Крымскім мосьце ў выніку выбуху аўтамабіля абрынуліся два пралёты, гарэлі цыстэрны з палівам. Ёсьць загінулыя

Гэты ж ФДУП ахоўваў аэрадром у Таганрогу, дзе стаяў на рамонце Іл-80 — адзін з самых сакрэтных ваенных самалётаў Расеі, прызначаны для кіраваньня войскамі ў выпадку ядзернага канфлікту (экспэрты назвалі яго «самалётам Суднага дня»). У сьнежні 2020 году высьветлілася, што нехта пракраўся ў самалёт і выкраў сакрэтнае абсталяваньне на суму больш за 2,5 млн рублёў. Вінаватымі ў крадзяжы былі прызнаныя і асуджаныя беспрацоўны жыхар Таганрога і яго саўдзельнік.

«Вэрсія грузавіка лягічная тым, што вырашае праблему дастаўкі вялікай колькасьці выбуховага рэчыва», — кажа ў камэнтары для ВВС ізраільскі ваенны экспэрт Давід Гендэльман.

Украіна афіцыйна не заяўляла аб сваёй датычнасьці да гэтага выбуху. Аднак яго пракамэнтаваў у сваім Твітэры дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк: «Крым, мост, пачатак. Усё незаконнае павінна быць разбуранае, усё скрадзенае — вернутае Ўкраіне, усё расейскае акупацыйнае — выгнанае».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.