Як сьцьвярджае Алена Курхінен, яе начальніца Ларыса Коршун сказала, што калі Курніхен не напіша заяву на звальненьне па дамове бакоў, яна зьвернецца ў суд з прычыны распаўсюджваньня Аленай яе асабістай перапіскі. Пры гэтым Курхінен пацьвярджае, што «сапраўды пары супрацоўнікаў з рэдакцыі „Мінскай праўды“ (якім давярала, зразумела!) скінула скрын яе паведамленьня».
«Сутнасьць яе паведамленьня мне — каб я такія крынжовыя відэа здымала для свайго канала ў ютубе», — піша Курхінен пра начальніцу.
Яна адзначае, што «проста ў шоку як хутка ўсё тады адбылося» і дадае, што «атрымала свайго роду нож у сьпіну».
«Я, Курхінен Алена Васільеўна, са жніўня 2020 году актыўна падтрымлівала Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, хадзіла на датэрміновыя выбары, пра што ёсьць відэа на маім канале ў ютубе, дэманстравала заўсёды актыўную грамадзянскую пазыцыю, па Менску па магчымасьці і ў сябе ва Ўруччы — езьдзіла на ровары, зразала бел-чырвона-белыя змагарскія стужкі, купляла балёнчыкі з фарбай — каб замазваць бчб сьцягі і надпісы, якія дыскрэдытуюць уладу Беларусі, здымала ўсё на відэа — якое ёсьць таксама на маім канале ў ютубе. (...)І зараз — працягваю актыўна падтрымліваць дзейную ўладу Беларусі», — піша пра сваю дзейнасьць і погляды сама Алена Курхінен.
У паведамленьні яна абураецца тым, як яе начальніца «распараджаецца лёсамі людзей, прыбірае тых, хто чамусьці стаў нязручнымі».
Адыёзная журналістка дзяржаўнай газэты «Мінская праўда» Алена Курхінен вядомая сваімі відэа з паездкамі па гарадах Беларусі, падчас якіх яна праводзіла апытаньні мясцовых жыхароў на розныя тэмы — ад стаўленьня да ўлады да «прапаганды ЛГБТ на Захадзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У выніку пратэстаў я страціла сяброў і сваякоў». Адкуль узялася прапагандыстка Людміла Гладкая