Аляксандра Матвійчук, чыя арганізацыя атрымала Нобэлеўскую прэмію, заклікала стварыць міжнародны трыбунал над Пуціным і Лукашэнкам

Аляксандра Матвійчук

Аляксандра Матвійчук, кіраўніца ўкраінскай праваабарончай арганізацыі «Цэнтар грамадзянскіх свабод», якая атрымала Нобэлеўскую прэмію міру, заявіла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін павінен паўстаць перад міжнародным судом за вайну супраць Украіны, якая забрала тысячы жыцьцяў.

«ААН і краіны-чальцы павінны вырашыць праблему “разрыву ў адказнасьці” і даць шанец на справядлівасьць сотням тысяч ахвяр ваенных злачынстваў. Бяз гэтага ўстойлівы мір у нашым рэгіёне немагчымы. Неабходна стварыць міжнародны трыбунал і прыцягнуць да адказнасьці Пуціна, Лукашэнку і іншых ваенных злачынцаў», — напісала Матвійчук у Фэйсбуку празь некалькі гадзін пасьля таго, як яе арганізацыя была названая адным зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру.

«ААН і дзяржавы-чальцы павінны рэфармаваць міжнародны мір і бясьпеку, каб стварыць гарантыі для ўсіх краін і іх грамадзян, незалежна ад іх удзелу або няўдзелу ў вайсковых блёках або ад вайсковай магутнасьці. Расею трэба выключыць з Рады бясьпекі ААН за сыстэматычныя парушэньні Статуту ААН», — дадала яна.

«Цэнтар грамадзянскіх свабод» падзяліў сёлетняга Нобэля з расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мэмарыял» і зьняволеным беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Алесю Бяляцкаму, расейскаму «Мэмарыялу» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў»