У афіцыйным паведамленьні Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі гаворыцца, што пасьля пажару ў памяшканьні сакрыстыі (прыбудова да касьцёла) 26 верасьня камісія па надзвычайных сытуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы забараніла эксплуатацыю будынка касьцёла, у сувязі з чым «вядзеньне парафіяльнай дзейнасьці ўскладняецца».
«Касьцельны камітэт парафіі імкнецца весьці канструктыўны дыялёг з КУП „Мінская спадчына“, якая зьяўляецца ўласьнікам комплексу будынкаў Чырвонага касьцёла (сьвятыня і плябанія) на праве гаспадарчага вядзеньня, для хутчэйшай ліквідацыі наступстваў узгараньня. Шукаюцца альтэрнатыўныя магчымасьці для ўзнаўленьня дзейнасьці парафіяльнай супольнасьці ў існых умовах», — гаворыцца ў паведамленьні.
У Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказваюць спадзяваньне на «плённае супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі рознага ўзроўню» і «аднаўленьне жыцьця парафіі ў найбліжэйшы час», а таксама просяць вернікаў маліцца за тое, каб аднаўленчыя працы завяршыліся як найхутчэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атака на Каталіцкую царкву. Улады забіраюць у каталікоў Чырвоны касьцёл, закрылі школу ў Хрысьціянскім цэнтрыНоччу 26 верасьня ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску здарыўся пажар. Прычынай здарэньня нібыта стала ўзгараньне электраправодкі, паведаміла МНС Беларусі. У той самы дзень адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску заявіла аб часовым прыпыненьні працы касьцёла «да ліквідацыі ўсіх недахопаў і вынясеньня заключэньняў кампэтэнтнымі спэцыялістамі».
6 верасьня стала вядома, што ўлады скасоўваюць дамову безаплатнага карыстаньня касьцёлам з супольнасьцю «Рымска-каталіцкая парафія сьвятога Сымона і сьвятой Алены». На імя ксяндза-пробашча Ўладзіслава Завальнюка прыйшоў афіцыйны ліст з патрабаваньнем вызваліць касьцёл і плябанію (суседні са сьвятыняй будынак, у якім жывуць сьвятары) да 12 кастрычніка, з прычыны «немагчымасьці яго эксплюатацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На плошчы Леніна стаялі намёты, і людзі трымалі галадоўку». Гісторыя Чырвонага касьцёла, які трэці раз забіраюць у вернікаўПазыцыя ўладаў
Дырэктар КУП «Менская спадчына» Аляксандар Кохан заявіў, што цяпер у Чырвоным касьцёле праводзяць абсьледаваньне канструкцый будынка, пашкоджаных у выніку ўзгараньня, а таксама інжынэрных сетак. Цяпер у будынку адключана электра-, цепла-, водазабесьпячэньне, бо ўсе гэтыя сыстэмы патрабуюць рамонтна-аднаўленчых работ. Пасьля абсьледаваньня распрацуюць праектную дакумэнтацыю і выканаюць адпаведныя работы. Да іх завяршэньня комплекс будынкаў Чырвонага касьцёла выведзены з эксплюатацыі.
«Такім чынам, забесьпячэньне выкананьня абавязаньняў КУП „Менская спадчына“ і рэлігійнай грамадой паводле дамовы ў такіх памяшканьнях не ўяўляецца магчымым», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску