Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў паведаміў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прысвоіў яму званьне генэрал-палкоўніка.
Гэта адбылося ў дзень нараджэньня Кадырава: 5 кастрычніка яму споўнілася 46 гадоў. Папярэдняе званьне генэрал-лейтэнанта Кадыраў атрымаў паўгода таму, 28 сакавіка.
Аб прысваеньні яму новага званьня Кадыраў напісаў у сваім тэлеграм-канале. Ён удакладніў, што Пуцін асабіста патэлефанаваў яму і павіншаваў з павышэньнем.
На афіцыйным сайце Крамля адпаведны ўказ не апублікаваны. Зрэшты, папярэдні ўказ аб прысваеньні Кадыраву званьня генэрал-лейтэнанта таксама адкрыта не публікаваўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў: у Чачэніі мабілізацыі ня будзе- Рамзан Кадыраў адзначаны шматлікімі званьнямі і ўзнагародамі Расейскай Фэдэрацыі. У 2009 годзе ён стаў генэрал-маёрам МУС і захаваў гэтае званьне пры пераходзе з МУС у Расгвардыю. У 2019 годзе атрымаў вышэйшую расейскую ўзнагароду — зорку Героя Расеі. Таксама ён кавалер ордэна «За заслугі перад Айчынай» III ступені, ордэна Мужнасьці, ордэна Пашаны і іншых узнагародаў, уключаючы ордэн «За заслугі перад стаматалёгіяй».