«ІBA цьвёрда перакананая, што палітыка не павінна мець ніякага ўплыву на спорт. Такім чынам, усім спартоўцам павінны быць дадзеныя роўныя ўмовы. Паважаючы сваю аўтаномію ў якасьці міжнароднай спартовай фэдэрацыі, IBA павінна заставацца палітычна нэўтральнай і незалежнай», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Згодна з рашэньнем, да спаборніцтваў вернуцца судзьдзі і тэхнічныя афіцыйныя асобы з Расеі і Беларусі, а ўсе баксэры будуць выступаць пад сьцягамі сваіх краін. Калі яны атрымаюць залатыя мэдалі, будуць выконвацца гімны іх краін.
Беларускіх і расейскіх баксэраў адхілілі ад міжнародных спаборніцтваў пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, падчас якой расейскія войскі выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну.
У канцы верасьня пасаду прэзыдэнта Міжнароднай асацыяцыі боксу (IBA) заняў расеец Умар Крамлёў. IBA адказвае за аматарскі бокс, да якога адносяцца чэмпіянаты сьвету і кантынэнтаў, а таксама Алімпійскія гульні.
У верасьні асацыяцыя прыпыніла сяброўства Фэдэрацыі боксу Ўкраіны. Афіцыйнай прычынай назвалі ўмяшаньне Ўкраіны ў справы асацыяцыі і непрызнаньне Кіевам выбараў Крамлёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры спорту 35 краін запатрабавалі прыпыніць сяброўства Беларусі і Расеі ў спартыўных арганізацыях