Пра гэта інфармуе «Голас Амэрык»і.
Высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону заявіла, што Міністэрства абароны ЗША ня можа пацьвердзіць паведамленьні аб перавозцы расейскай тактычнай ядзернай зброі па чыгунцы, дадаўшы, што амэрыканскія вайскоўцы пакуль ня бачылі нічога, што магло б аказаць уплыў на іх ядзерную стратэгію.
«У ядзерным пытаньні мы, безумоўна, чулі бразгат зброяй ад Пуціна. Але мы ня бачым ніякіх прыкмет, якія прымусілі б нас зьмяніць нашу пазыцыю ў дачыненьні да ядзернай зброі», — сказала Лора Купэр, намесьнік памочніка міністра абароны, якая займаецца пытаньнямі Расеі, Украіны і Эўразіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: La Repubblica: NATO папярэдзіла сваіх чальцоў, што ў мора выйшла расейская падводная лодка са зброяй «суднага дня»Купэр афіцыйна паведаміла аб перадачы Ўкраіне новага пакета ў галіне бясьпекі на суму да 625 млн даляраў.
«Цяпер на баку Ўкраіны ня толькі яе ўласныя магчымасьці, але і магчымасьці ўсіх яе саюзьнікаў і партнэраў. Злучаныя Штаты ня толькі гдаюць [Украіне] дадатковыя боепрыпасы, але мы таксама інвэстуем у вытворчасьць боепрыпасаў», — заявіла Купэр.
Яна падкрэсьліла, што ўкраінскія сілы пасьпяхова працягваюць контранаступ, адваёўваючы сваю тэрыторыю ў расейскіх захопнікаў.
«Нягледзячы на тое, што расейскі ўрад сёньня прымае законы, каб незаконна прэтэндаваць на некаторыя ўкраінскія тэрыторыі, рэальнасьць на месцах такая, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны працягваюць адваёўваць тэрыторыю і замацоўваць свае заваёвы, — заявіла Купэр. — Украінскае контранаступленьне ў Херсоне значна прасунулася за апошнія 24 гадзіны, і ўкраінскія сілы працягваюць вызваляць вёскі, рухаючыся наперад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б расейцы скарысталі атамную зброю, гэта быў бы канец Расеі». Амэрыканскі аналітык пра Лукашэнку-закладніка і ядзерныя сцэнарыУ сваю чаргу, камэнтуючы дзеяньні паўночнакарэйскага ўраду, афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр папярэдзіў, што ядзерныя выпрабаваньні, якія праводзяцца Пхэньянам, сур’ёзна пагражаюць міжнароднай стабільнасьці.
«Як вы ведаеце, у мінулым (былі) прыкметы таго, што КНДР рыхтуе выпрабаваньне, якое стане яе сёмым ядзерным выпрабаваньнем», — заявіў Пэт Райдэр. — Калі яны сапраўды правядуць такое выпрабаваньне, то з нашага пункту гледжаньня, гэта відавочна будзе сур’ёзнай эскаляцыяй і прынясе сур’ёзную пагрозу рэгіянальнай і міжнароднай бясьпецы і стабільнасьці".
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.