Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прыняў беларускага палітыка 4 кастрычніка вечарам у Бэльвэдэрскім палацы. У сустрэчы таксама браў удзел кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Якуб Кумох.
Прэзыдэнт Польшчы папярэдні раз размаўляў са Сьвятланай Ціханоўскай падчас свайго нядаўняга візыту ў ЗША на палях Генасамблеі ААН.
Акрамя таго, Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту сустрэліся зь міністрам унутраных спраў Польшчы Марыюшам Каміньскім, які запэўніў беларусаў у падтрымцы дэмакратычнай супольнасьці суседняй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прадставіла польскаму прэм’еру Аб’яднаны кабінэт і расказала пра плян «Перамога»У сваім твітэры Ціханоўская падзялілася невялікім відэа з сустрэчы, падзякавала прэзыдэнту Польшчы за прыём і адзначыла, што беларусы заўжды могуць разьлічваць на дапамогу гэтай краіны.
Пасьля сустрэчы Ціханоўская заявіла:
«Прэзыдэнт Польшчы — вялікі сябар Беларусі, выдатна арыентуецца ў нашых праблемах і нашай сытуацыі. Я ўдзячная яму, што на кожнай міжнароднай пляцоўцы ён не забываецца нагадваць пра нашую краіну і нашую барацьбу. Мы дамовіліся на шэраг канкрэтных крокаў і мерапрыемстваў у сьнежні сёлета».
Пра што гаварылі
Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, прэзыдэнт Польшчы выказаў падтрымку Сьвятлане Ціханоўскай і ўсяму дэмакратычнаму руху Беларусі. У сваю чаргу Ціханоўская падзякавала прэзыдэнту і ўсяму польскаму ўраду за апошнія зьмены ў заканадаўстве, накіраваныя на паляпшэньне ўмоваў для легалізацыі беларусаў у Польшчы.
На сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская расказала пра новаствораны Аб’яднаны пераходны кабінэт, пра першую пастанову, ім прынятую, у якой ёсьць рашэньне падтрымліваць Украіну і беларускіх добраахвотнікаў. Яна таксама расказала пра галоўныя напрамкі працы кожнага з прадстаўнікоў Кабінэта.
Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, на сустрэчы таксама абмеркавалі:
- сытуацыю з палітычнымі вязьнямі: тэрміны павялічваюцца, умовы ў турмах пагаршаюцца. Ціханоўская падкрэсьліла, што сытуацыя крытычная і патрабуе міжнароднага рэагаваньня.
- вынікі Генасамблеі ААН, а таксама наступныя дзеяньні на міжнароднай арэне, у прыватнасьці ў АБСЭ. Польшча старшынюе ў АБСЭ да канца году. Ціханоўская прапанавала прэзыдэнту правесьці некалькі сустрэч высокага ўзроўню на пачатку сьнежня ў Польшчы ў пытаньнях сытуацыі ў Беларусі.
- магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны. Ціханоўская заявіла, што гэта недапушчальна.
- магчымыя падзеі і сустрэчы ў фармаце Люблінскага чатырохкутніка — Польшча, Літва, Украіна і Беларусь.