Суд у анэксаваным Расеяй Крыме аштрафаваў «Місіс Крым – 2022» Вольгу Валееву на 40 тысяч рублёў і арыштаваў яе сяброўку на 10 сутак за выкананьне песьні «Червона калина». Пра гэта паведамляе расейскае міністэрства ўнутраных спраў.
Жанчын абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі» расейскай арміі і дэманстрацыі нацысцкай сымболікі. Валееву аштрафавалі, а не арыштавалі, бо яна мае непаўналетніх дзяцей.
Другога кастрычніка расейская паліцыя заявіла, што пачала праверку па факце публікацыі ў інтэрнэце відэа, на якім Валеева разам з сяброўкай сьпявае песьню «Червона калина». Сама Вольга Валеева адзначыла, што выканала песьню без злых намераў. «Я ня ведала, што гэтая песьня з чымсьці зьвязаная і неяк забароненая! А мы сьпявалі яе без усялякіх сэнсаў, падтэкстаў і сымбаляў!» — напісала яна ў Instagram.
Таксама МУС Расеі ў Крыме апублікавала відэа з выбачэньнямі Вольгі Валеевай. «Я ня ведала і не ўяўляла, што яна мае нейкі нацыяналістычны характар. І ні ў якім разе не хацела весьці нейкую прапаганду, выконваючы гэтую песьню», — заявіла яна на відэа сілавікоў.
Гэта ня першы выпадак перасьледу жыхароў Крыму за выкананае або замову ўкраінскіх песень у кавярні. У жніўні суд у Крыме аштрафаваў наведвальніка караоке-бара Дзьмітрыя Гайна на 50 тысяч рублёў паводле артыкулу аб «дыскрэдытацыі» расейскага войска, бо ён замовіў песьню ўкраінскага рэпэра Ярмака «Дзікае поле». 14 верасьня шасьцёра ўдзельнікаў вясельля, дзе сьпявалі «Червону калину», былі арыштаваныя на розныя тэрміны паводле артыкулаў аб «дэманстрацыі нацысцкай сымболікі» і «дыскрэдытацыі» войска.
У верасьні «кіраўнік» анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў пагражаў крымінальнай адказнасьцю жыхарам рэгіёну, якія «скандуюць украінскія лёзунгі, сьпяваюць песьні, нацыяналістычныя гімны».