5 магчымых сцэнароў, як рэжым Лукашэнкі яшчэ больш можа ўвязацца ў вайну ва Ўкраіне, – экспэрты

Вайсковыя вучэньні "Захад-2021" у Беларусі

Экспэрты, апытаныя сайтам motolko.help на падставе адкрытай інфармацыі прааналізавалі магчымыя сцэнары яшчэ большага ўцягваньня рэжыму Лукашэнкі ў вайну ва Ўкраіне.

Сцэнар №1. Расея сфармуе ў Беларусі ўдарную групоўку для новага ўварваньня ва Ўкраіну.

Экспэрты, апытаныя сайтам, лічаць, што перакіданьне вялікай колькасьці войскаў РФ у Беларусь не застанецца незаўважаным. Схавана сабраць такую групоўку войскаў у цяперашніх рэаліях практычна немагчыма. Украіна цяпер значна лепш падрыхтаваная да адпору, чым у лютым 2022. Адпаведна, для хоць невялікага посьпеху РФ трэба будзе ствараць ударную групоўку, якая будзе пераўзыходзіць тую.

Такім чынам, Украіна зможа загадзя выявіць пляны РФ па паўторным уварваньні з тэрыторыі Беларусі, і адпаведным чынам адрэагаваць. Цалкам адкідаць такое разьвіцьцё падзеяў нельга, лічаць экспэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: уступленьне Беларусі ў вайну цяпер залежыць ад пазыцыі Кітая

Сцэнар №2. Мабілізаваныя ў Расеі будуць перакінутыя ў Беларусь.

Перакідваньне мабілізаваных расейскіх грамадзян у Беларусь можа адбыцца. Навошта яны могуць перакідвацца ў Беларусь?

  • Для ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Для праходжаньня навучаньня перад адпраўкай на фронт (паўднёвы, усходні).

Экспэрты дапускаюць, што нейкая частка мабілізаваных можа быць перакінутая на вайсковыя палігоны ў Беларусь для навучаньня. Яны не выключаюць, што інструктарамі могуць выступіць у тым ліку і вайскоўцы зь Беларусі.

Дадатковым пацьверджаньнем такога сцэнара служаць паведамленьні расейскіх СМІ, што мабілізаваных адпраўляюць на фронт увогуле без аніякай падрыхтоўкі. А ў кастрычніку 2021 у Беларусі былі створаныя два беларуска-расейскія так званыя «вучэбна-баявыя цэнтры» для падрыхтоўкі спэцыялістаў ВПС і СПА.

  • Для пастаяннай дысьлякацыі ў Беларусі.

Магчымая мэта такога знаходжаньня – ствараць напружаньне ў кіраўніцтва Ўкраіны, адцягваць сілы УСУ зь іншых франтоў на беларускі напрамак.

Такім чынам, экспэрты дапускаюць некалькі прычын для прыбыцьця ў Беларусь мабілізаваных з Расеі. Аднак істотнай ваеннай небясьпекі для Ўкраіны такія сілы несьці ня будуць. У першую чаргу — праз слабую падрыхтаванасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і іншыя краіны АДКБ ня будуць ваяваць за Расею ва Ўкраіне, — меркаваньне экспэрта

Сцэнар №3. Лукашэнка абвесьціць мабілізацыю ў Беларусі для дапамогі Расеі

Правядзеньне мабілізацыі на сёньняшні дзень, на думку экспэртаў, выглядае малаверагодным. Гэта абумоўлена шэрагам прычын, у першую чаргу — нізкай падтрымкай падобнай ідэі грамадзтвам, а таксама нізкім узроўнем падтрымкі вайны ва Ўкраіне. Аднак экспэрты лічаць, што ў далейшым варта чакаць павелічэньня колькасьці вучэньняў.

Сцэнар №4. Лукашэнка будзе забясьпечваць узброеныя сілы Расеі

Такі сцэнар не выглядае для экспэртаў нерэальным. Яны нагадваюць, што раней зьяўлялася інфармацыя пра забесьпячэньне расейскіх войскаў палівам з баз Беларусі і боепрыпасамі, а таксама, што беларускія прадпрыемствы прынялі заказы на пашыў вайсковай формы. Экспэрты таксама зьвяртаюць увагу на магчымасьць прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі рабіць рамонт расейскай ваеннай тэхнікі.

Улічваючы папярэдні досьвед удзелу рэжыму Лукашэнкі ў забесьпячэньні УС РФ, згаданы сцэнар выглядае для экспэртаў рэалістычным. «Пытаньне, у якіх фарматах будзе адбывацца забесьпячэньне. Пашыў формы — гэта адно, а перадача ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі — гэта прынцыпова іншы ўзровень садзейнічаньня УС РФ, які можа мець сур’ёзныя наступствы для рэжыму Лукашэнкі», — кажуць яны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пацярпіць паразу Расея — нас ня будзе заўтра імгненна». Інтуіцыя Лукашэнкі і прывід прайгранай вайны

Сцэнар №5. Расея зможа яшчэ больш актыўна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нанясеньня ракетных удараў па Ўкраіне.

Улічваючы папярэдні досьвед Расеі па нанясеньні ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі, інтэнсыфікацыя такой актыўнасьці зьяўляецца рэальным сцэнарам яшчэ большага ўцягваньня Беларусі ў вайну ва Ўкраіне, лічаць экспэрты. Яны нагадваюць, што з 24 лютага па 15 верасьня 2022 году з тэрыторыі Беларусі Ўзброеныя сілы Расеі запусьцілі па Ўкраіне ня менш за 717 ракет.