У Казані затрымалі вучаніцу 11-й клясы, яе падазраюць у спробе падпаліць ваенкамат. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «База».
Паводле інфармацыі «Базы», падчас затрыманьня ў дзяўчыны знайшлі бутэльку з запальнай сумесьсю. Яшчэ дзьве яна пасьпела кінуць у бок ваенкамату — бутэлькі ня трапілі ў будынак, а, упаўшы за некалькі мэтраў ад сьцяны, запалілі траву.
Дзяўчына патлумачыла міліцыянтам, што хацела падпаліць ваенкамат, бо выступае супраць вайны і мабілізацыі, паведамляе «База». Школьніцу затрымалі.
Таксама раніцай 3 кастрычніка невядомы спрабаваў падпаліць ваенкамат у Краснаярску. Ён кінуў у будынак два «кактэйлі Молатава». У выніку расплавіўся шклопакет, памяшканьне не пацярпела, пажар ліквідаваны вартай ваенкамата.
У дачыненьні да затрыманых пачынаюць крымінальныя справы па падазрэньні ў падпалах, у тым ліку па артыкулах аб наўмысным пашкоджаньні чужой маёмасьці. У Генштабе Ўзброеных сіл Расеі заявілі, што падпалы могуць лічыцца тэрарыстычнымі актамі з пакараньнем да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну па ўсёй Расеі адбыўся шэраг падпалаў ваенкаматаў, аддзелаў міліцыі і гарадзкіх адміністрацый. Пасьля абвяшчэньня мабілізацыі колькасьць такіх нападаў вырасла. На гэты час зарэгістравана каля 50 спробаў падпалу.
3 кастрычніка ў Мардовіі па падазрэньні ў падрыхтоўцы падпалу або падрыву дзяржаўнай установы затрымалі 21-гадовага мясцовага жыхара. Паведамляецца, што дома ў яго знойдзены порах і хімічныя рэагенты. Падазраваны нібыта даў прызнальныя паказаньні, супраць яго завялі крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны мабілізацыі ў Расеі: працягваюць падпальваць камісарыяты, адзін з мабілізаваных забіў сябеРаніцай 21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Украіне і падпісаў адпаведны ўказ. Пуцін назваў мабілізацыю частковай, але ніякімі парамэтрамі ў адкрытай частцы ўказу яна не абмежаваная.