«Кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі [на апошняй сустрэчы ў Сочы] спрабавала пераканаць Лукашэнку ўступіць у вайну. Там ёсьць пэўны фармат, які яны яму прапанавалі. Я ня буду яго зараз агучваць. На гэта Лукашэнка ў характэрнай яму... вельмі прыгожа спрабуе „зьпятляць“ з гэтага. То бок ён не адмаўляецца і не пагаджаецца. І робіць насамрэч усё, каб гэтага не адбылося. Ён баіцца гэтага. Ён зробіць усё, каб Беларусь туды не ўступіла», — сказаў Кірыла Буданаў у інтэрвію тэлеканалу «1+1».
Кіраўнік вайсковай выведкі дадаў, што Лукашэнка «зрабіў вельмі шмат зла для Ўкраіны», даўшы тэрыторыю Беларусі для ўварваньня Расеі і для абстрэлаў Украіны.
Кірыла Буданаў ня выключыў, што расейскія войскі могуць зноў увайсьці на тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі, калі атрымаюць дазвол Аляксандра Лукашэнкі. Але, паводле яго, цяпер няма прыкмет гэтага.
«Калі гэта будзе, будзе падрыхтоўка да такога працэсу — мы будзем аб гэтым загадзя ведаць і будзем рабіць адэкватныя захады», — падкрэсьліў ён.
Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны перакананы, што цяпер Беларусь знаходзіцца пад большым уплывам Кітаю, чым Расеі.
«Беларусь у значнай, у вельмі значнай ступені цяпер залежыць ад пазыцыі Кітаю, і яны будуць зьвяртацца і пытацца выключна Кітай. Найбліжэйшым часам, мабыць, і ў Расеі перастануць пра нешта запытвацца. Кітай, у адрозьненьне ад Расеі, уплывовая цяпер дзяржава. Расея — гэта выключна залежная ад Кітаю тэрыторыя», — адзначыў Кірыла Буданаў.
Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны таксама дадаў, што ўжо 23 лютага мелі інфармацыю аб даце і часу расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, а таксама аб тым, што яно будзе ажыцьцяўляцца зь Беларусі.
«Час і фінальную дату пачатку ўварваньня [вызначылі] — гэта было каля 15 гадзін 23 лютага», — паведаміў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве абароны Ўкраіны патлумачылі, чаму наступ расейцаў зь Беларусі стаў нечаканымПасьля атрыманьня гэтай інфармацыі, спэцыяльнае падразьдзяленьне выведкі атрымала зброю і было накіравана ў аэрапорт у Гастомель.
«Мы мелі дакладны плян, як гэтая апэрацыя будзе пачынацца, і галоўны элемэнт гэтай апэрацыі быў менавіта Гастомель, каб зрабіць хуткі заход у Кіеў. У прынцыпе, увесь гэты плян і будаваўся на тым, каб не пазьней, чым на трэція суткі падняць расейскі сьцяг над Адміністрацыяй прэзыдэнта», — заявіў Кірыла Буданаў.
Раней прадстаўнікі афіцыйнай улады Ўкраіны заяўлялі, што напад Расеі з тэрыторыі Беларусі быў для іх нечаканым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку чакалі на трактары. Як украінская выведка ўпусьціла расейскі наступ зь Беларусі і што ведае пра беларускую армію цяперВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.