Кампанія, зьвязаная з сынам Шэймана, трапіла ў скандал з золатам у Зымбабвэ

Самароднае золата. Ілюстрацыйнае фота

У Зымбабвэ падалі ў суд на кампанію Zim GoldFields, зьвязаную з сынам Віктара Шэймана, за здабычу золата без дазволу ўладальнікаў тэрыторыі. Аб гэтым піша зымбабвійскае выданьне The Standard.

Золатаздабыўную кампанію Zim Goldfields абвінавацілі ў незаконнай здабычы золата і іншых карысных выкапняў на тэрыторыі вядомага турыстычнага комплексу Musangano Lodge у раёне Мутаса Манікаленда. Комплекс належыць грамадзянцы Нямеччыны Біргіт Кляйн Альтэркамп (Birgit Klein Alterkamp).

Паведамляецца, што беларуская кампанія Zim GoldFields (ZGF) і кітайская Young Tech Engineering (YTE) пачалі распрацоўку карысных выкапняў, у тым ліку россыпнага золата, побач з турыстычным комплексам, а потым перанесьлі распрацоўку і непасрэдна на тэрыторыю, якая належыць нямецкай грамадзянцы. Гэта, паводле ўладальніцы, нэгатыўна паўплывала на турыстычны бізнэс.

Паводле Альтэркамп, 5 траўня 2022 году да яе зьвярнулася кампанія пад назвай YTE, якая паведаміла, што заключыла кантракт з кампаніяй ZGF, у якой нібыта ёсьць спэцыяльны грант ад ураду Зымбабвэ на здабычу россыпнага золата і іншых карысных выкапняў.

Нямецкая грамадзянка паведаміла, што «частка спрэчнай тэрыторыі знаходзіцца ў межах нашай уласнасьці». Аднак, кажа яна, «ZGF і YTE выказалі намер весьці здабычу на нашай тэрыторыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зымбабвійскага гораду адхілілі распараджэньне ўраду аб закупцы пажарных машын зь Беларусі

«У адным зь лістоў ZGF і YTE заявілі, што мы вусна далі ім дазвол на здабычу карысных выкапняў на нашай тэрыторыі, што зьяўляецца хлусьнёй, і мы заявілі, што ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе не праводзілася, што зьяўляецца патрабаваньнем заканадаўства Зымбабвэ. ZGF і YTE адказалі, што ім не патрэбная такая ацэнка», — сказала ўладальніца турыстычнага комплексу.

Па словах Альтэркамп, 8 ліпеня 2022 г. ZGF і YTE задзейнічалі цяжкую тэхніку і пачалі здабычу карысных выкапняў на тэрыторыі, прылеглай да турыстычнага комплексу.

«У іх было чатыры экскаватары і тры самазвалы, якія працавалі кругласутачна і без выходных, — сказала яна. — Шум, які стварае гэтая цяжкая тэхніка, непакоіў гасьцей Musangano Lodge».

29 жніўня ZGF і YTE накіравалі апавяшчэньне аб тым, што пачынаюць здабычу выкапняў на тэрыторыі комплексу. Пасьля чаго Альтэркамп зьвярнулася ў суд, і 1 верасьня Вярхоўны суд Мутары выдаў часовую забарону, якая прадпісвае ZGF і YTE спыніць здабычу карысных выкапняў.

Беларускія і кітайскія здабыўнікі золата апратэставалі забарону і, не чакаючы рашэньня, 6 верасьня прыступілі да працы, піша The Standard.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атачэньне Лукашэнкі таемна здабывае золата ў Афрыцы». Як журналісты раскрылі бізнэс-схемы
  • У кастрычніку 2021 года беларускія расьсьледнікі атрымалі доступ да архіва дакумэнтаў з Pandora Papers і высьветлілі, што ў красавіку 2018 году было заснаванае сумеснае прадпрыемства па здабычы золата Zim Goldfields Pvt Ltd, дзе 70% належалі брытанскай кампаніі Midlands Goldfields Limited, якая празь некалькі пракладак належала Сяргею Шэйману, партнэрам якога быў Аляксандар Зінгман. Сяргей Шэйман — сын набліжанага да Лукашэнкі Віктара Шэймана. Аляксандр Зінгман — ключавы бізнэсовец у атачэньні Лукашэнкі, які адказвае за адносіны з Зымбабвэ. Ён таксама зьяўляецца ганаровым консулам Зымбабвэ ў Беларусі.
  • У траўні 2018 Zim Goldfields Pvt Ltd атрымала грант на пошук і здабычу золата ў Зымбабвэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адкрыла пасольства ў Зымбабвэ, дзе беларуская вярхушка мае свае камэрцыйныя інтарэсы