«Кожнае вяртаньне можа быць небясьпечным», — Стрыжак пра звароты расейцаў у BySoL, эвакуацыю падчас вайны і важныя зборы

Адзін зь кіраўнікоў фонду BySoL Андрэй Стрыжак — пра рост зваротаў расейцаў па дапамогу пасьля абвяшчэньня мабілізацыі, пра магчымасьці эвакуацыі падчас вайны і спосабы дапамогі палітвязьням ў Беларусі і за яе межамі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • З 21 верасьня ў 7 разоў павялічылася колькасьць людзей, якія зьвяртаюцца па дапамогу.
  • Наш памер дапамогі грамадзянам Расеі абмяжоўваецца выключна кансультацыйнымі паслугамі, якія аказваць валянтэры.
  • З пачаткам вайны, на жаль, гэтых інструмэнтаў стала меней, але тым ня меней мы шукаем розныя дзюркі і розныя магчымасьці ў сыстэме, каб гэтых людзей выцягнуць зь Беларусі.
  • Кожнае вяртаньне ў Беларусь можа быць небясьпечным, асабліва ўлічваючы шырокую практыку прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за камэнтары. Так што кожны чалавек у небясьпецы.
  • Тое, што палітвязьняў даўно за 1300 чалавек, прыводзіць да таго, што гэта робіцца статыстыкай. На жаль, мы пачынаем думаць ужо вялікімі лічбамі і троху забываць пра людзей, якія там сядзяць.

«1200 чалавек зьвярнулася за 5 дзён па кансультацыю»

— Як зьмянілася, ці зьмянілася праца BySoL пасьля абвяшчэньня мабілізацыі ў Расеі на вайну з Украінай? Ці зьвяртаюцца да вас расейцы па дапамогу, зь якіх мясьцінаў?

— З 24 лютага ад пачатку вялікай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай мы запусьцілі спэцыяльны тэлеграм-канал, які назваецца BySoL: выезд и эвакуация. І ад самага пачатку гэта быў канал, каб дапамагаць людзям, якія хочуць выехаць альбо з зоны баявых дзеяньняў ва Ўкраіне альбо пакінуць тэрыторыю Расеі і Беларусі ў сувязі з тым, што яны маглі быць мабілізаваныя. Фактычна ад 21 верасьня, калі была абвешчаная маштабная мабілізацыя Пуціным, для нас нічога не зьмянілася — як працавалі ў тым мандаце, які на пачатку абралі, так і працуем.

Трэба адзначыць, што сапраўды з 21 верасьня ў 7 разоў павялічылася колькасьць людзей, якія зьвяртаюцца па дапамогу. За першыя пяць дзён працы ў новых умовах мы ў 10 разоў перавысілі сярэднія паказчыкі, якія ў нас былі дагэтуль.

1200 чалавек зьвярнулася за 5 дзён па кансультацыю, і яны яе атрымалі. Трэба падкрэсьліць, што ў дадзеным выпадку наш памер дапамогі грамадзянам Расеі абмяжоўваецца выключна кансультацыйнымі паслугамі, якія аказваць валянтэры. Гэта нічога нам не каштуе. Ужо пайшлі пытаньні, нібы BySoL пераарыентаваўся на расейскае поле. Не. Гэта ня так. Мы як і раней працуем для Беларусі, ёсьць дадатковы кірунак дапамогі Ўкраіне.

На сёньня мы не разглядаем пашырэньне нашага мандата на Расею, таму што гэта асобная, спэцыфічная задача, якую, на мой погляд, павінны вырашаць расейскія фонды, расейскія арганізацыі, расейская грамадзянская супольнасьць. Мы ўжо сябе даволі моцна нагрузілі тым аб’ёмам працы, які ў нас зараз ёсьць. І пашырацца пакуль прынамсі не плянуем.

— Як гучыць зварот ад расейца ў гэтыя дні?

— Звычайна, гэта людзі, якія спрабуюць неяк удакладніць свой лёс — як і дзе могуць перайсьці мяжу, у якіх краінах якія ўмовы. На слыху Верхні Ларс, які стаў проста крыніцай бясконцых мэмаў праз тое, што там адбываецца. Але ёсьць яшчэ мяжа з Манголіяй, з Казахстанам. Ёсьць магчымасьці выяжджаць паветрам у краіны Сярэдняй Азіі. Людзі цікавяцца, што далей рабіць, куды зьвяртацца.

Агулам за 7 месяцаў працы нашага каналу працы BySoL: выезд и эвакуация напрацаваны мануал на 50 старонак, якія абавязковыя для вывучэньня кожнаму новаму валянтэру, які прыходзіць на гарачую лінію. Там дастаткова шмат рознай інфармацыі, якая прыдасца і беларусам, і расейцам, і іншым людзям, якія хочуць пакінуць зону баявых дзеяньняў альбо небясьпечную тэрыторыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд BySol расказаў пра рэзкі рост запытаў на эвакуацыю. 66% заявак падалі расейцы

«Наша служба эвакуацыі працуе са складанымі гісторыямі, дзе трэба ўручную ўмешвацца»

— Мы бачым пэрыядычна паведамленьні пра тое, што хтосьці з палітвязьняў, з тым, каго перасьледуюць улады, цяпер у бясьпецы. Ці магчымая яшчэ эвакуацыя зь Беларусі ва ўмовах вайны і практычна закрытых межаў? Што вы пра гэта можаце расказаць?

— Асобна трэба падкрэсьліць, што тэлеграм-канал BySoL: выезд и эвакуация — гэта фактычна гарачая лінія. А тое, пра што мы зараз пачалі гаварыць, гэта наша служба эвакуацыі. Яна працуе са складанымі гісторыямі, дзе трэба ўручную ўмешвацца і праводзіць людзей зь небясьпечнай кропкі ў бясьпечную. Калі казаць пра тое, што было да 24 лютага, то ў нас быў пэўны народ інструмэнтаў, які дазваляў працаваць з рознай ступеньню складанасьці гісторыямі.

Цяпер, на жаль, гэтых інструмэнтаў стала меней, але тым ня меней мы працуем, і шукаем розныя дзюркі і розныя магчымасьці ў сыстэме, каб гэтых людзей выцягнуць адтуль. Гэта найперш тыя людзі, якім пагражае крымінальны перасьлед. Неўзабаве будзе яшчэ адна цікавая гісторыя чалавека, якога ўдалося эвакуяваць, яна трох дэтэктыўная, але ня буду спойлерыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры дні сабралі грошы на адваката для палітзьняволенага журналіста Івашына

«Фандрайзінг — вельмі эмацыйная рэч»

— Калі паглядзець на розныя зборы BySoL, то бачна, што часам грошы на дапамогу зьбіраюцца хутка, а часам не зьбіраюцца цалкам. Каму, на што цяпер найбольш ахвяруюць, якія просьбы застаюцца без падтрымкі?

— Калі казаць пра тое, што лепей, што горш зьбірае, трэба разумець нашу спэцыфіку фандрайзінга як такога. Фандрайзінг — гэта вельмі эмацыйная рэч. Калі чалавека нешта чапляе, то ён будзе на гэта данаціць, але гэта залежыць ад мэтавай аўдыторыі. Калі мы працуем на мэтавую аўдыторыю бацькоў зь дзецьмі, то зразумела, што сытуацыя, калі сядзіць адзін з бацькоў, а малыя дзеці засталіся без забесьпячэньня з адным з бацькоў, будзе больш мець водгуку, бо людзі на сабе прымяраюць гэтыя сытуацыі.

Зразумела, што найлепш зборы працуюць, калі чалавек можа называць сваё імя, паказаць свой фатаздымак, распавесьці сваю гісторыю ў дэталях. Але мы разумеем, што сёньняшняя Беларусь — гэта такое месца, дзе не заўсёды гэта можам зрабіць, таму мы распрацавалі адмысловую сыстэму збораў. Часта зборы пазначаныя на сайце зялёнай птушачкай, гэта значыць, што пра чалавека мы ня ўсе расказваем.

Ясна, што гэта ня так адгукаецца і такія гісторыі могуць быць горшымі па зборы. Ёсьць стэрэатып, што людзі, які зьбеглі за мяжу ад перасьледу, дарослыя мужчыны з рукамі і нагамі, не патрабуюць дапамогі. Я бачу гэта проста па дынаміцы збораў, калі малады хлапец выехаў, просіць дапамогу на першыя часы, на кватэру і нейкае харчаваньне. Хачу падкрэсьліць, што насамрэч, нягледзячы на тое, што рукі-ногі ў яго на месцы, галава на месцы, гэта вельмі вялікі стрэс. Асабліва, калі чалавек выйшаў з СІЗА, прасядзеўшы там пагады і вымушаны пакінуць краіну без грошай, без сувязяў і разуменьня мовы на новым месцы. Ясна, што ён можа пайсьці на нейкую будоўлю ці на рынак грузчыкам, але на гэта таксама патрэбны час. Таму я заклікаю на такія зборы таксама зьвяртаць увагу, бо гэта ўсе людзі, якія трапілі ў нядолю, у складанае становішча.

Мы вэрыфікуем кожны збор і гарантуем, што гісторыі, якія зьяўляюцца ў нас на сайце, такія і ёсьць, як там напісана. Было некалькі выключэньняў. Ніхто не адмаўляе, што ёсьць памылкі ў працы. Аказвалася, што людзі ці нешта недагаварылі, ці адначасова ў некалькіх месцах вельмі агрэсіўна спрабавалі дапамогу атрымаць і нямэтава расходаваць. У такіх выпадках зборы закрываюцца. Па нашай унутранай дамоўленасьці ўжо сабраныя грошы на гэтых людзей пераходзяць у агульны пакет на палітвязьняў. Такіх выпадкаў было літаральна некалькі. І мы зрабілі высновы, выправілі сваю сыстэму вэрыфікацыі і працуем далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самая дарагая мая рэч — ноўтбук за 1500 эўра». Вялікая размова з кіраўніком BySol Андрэем Стрыжаком у праекце «Ворагі рэжыму»

«Ахвяраваць зь Беларусі небясьпечна і вельмі складана»

— Ці можна сказаць, што ахвяраваньні цяпер магчымыя выключна па-за межамі Беларусі з прычынаў бясьпекі?

— Ахвяраваць зь Беларусі небясьпечна і вельмі складана. Гэта і санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць беларускіх банкаў, таксама ўзаемадзеяньне беларускай і эўрапейскай банкаўскай сыстэмы вельмі складанае. Канечне, гэта небясьпечна. Людзі, якія ў Беларусі, карыстаюцца рознымі іншымі спосабамі данатаў. Напрыклад, просяць сваякоў і знаёмых, якія знаходзяцца ў Эўропе ці ЗША, данаціць, потым робяць узаемазалік, бо шмат хто з тых, хто зьехаў зь Беларусі, патрабуе, каб яму аплочвалі камунальныя плацяжы.

Ёсьць гісторыі, калі людзі карыстаюцца розным бясьпечнымі мэтадамі данату, напрыклад, праз крыптавалютныя мэханізмы. Мы асобна моцна працуем над аўтаматызацыяй гэтага спосабу даната і цягам бліжэйшага часу будзем выходзіць на пэўныя вынік. І зь Беларусі будзе даволі проста і заданаціць і атрымаць дапамогу без дадатковых суперведаў у гэтай галіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК Беларусі завёў на Стрыжака справу за «фінансаваньне вайны». Той адказаў сьледчым і зьвярнуўся да ўладаў Украіны

«Людзям, якія зьяўляюцца часткай нейкага важнага працэсу, ехаць у Беларусь нельга пры ніякіх умовах»

— Нядаўна трапіў за краты, прыехаўшы ў Беларусь, вядомы журналіст Павал Мажэйка. Раней ён пэрыядычна езьдзіў да бацькоў, не афішуючы гэта. Каму нельга ехацьу Беларусь? Ці заўсёды гэта толькі вядомыя людзі? Ці трэба асьцерагацца кожнаму, хто запосьціў нацыянальны сьцяг у жніўні 2020 году.

— Ёсьць дзьве стратэгічныя лініі, якія вядзе беларуская ўлада. Першая — гэта выбіваць вядомых, уплывовых, разумных, якія могуць паўплываць на працэсы. Абсалютна на 100%, людзям, якія зьяўляюцца часткай нейкага важнага працэсу, ехаць нельга пры ніякіх умовах.

Другая лінія — яны абсалютна рандомна могуць хапаць людзей, якія ў 2020 годзе адзін раз выйшлі на пратэст. Розныя мэтады і адна і тая ж мэта — укараніць у людзях разуменьне, што ўлада можа дайсьці да кожнага, што дойдзе да кожнага і пасадзіць кожнага. Ясна, што чыста мэханічна гэта не адбудзецца. Людзей шмат пратэставала, і патрэбны вялікі памер часу апрацаваць фота і відэа і ўсё астатняе. Але мы дагэтуль бачым, што людзей дагэтуль садзяць за 9 жніўня 2020 году. Гэта сьведчыць пра тое, што ў той бок улада і глядзіць, што яны хочуць апрацаваць увесь гэты аб’ем і робяць у тых тэмпах, якія ў іх ёсьць.

Кожнае вяртаньне можа быць небясьпечным, асабліва ўлічваючы шырокую практыку прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за камэнтары. Бог яго ведае, што вы раней напісалі ці лайк паставілі. Усе памятаем гісторыю, як беларуска з Андоры прыехала і атрымала такую сабе праблему. Так што кожны чалавек у небясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перайшлі з какаіну на клей „Момент“», — BySol пра заявы ў расейскіх СМІ, што Галкін і Макарэвіч нібыта фінансавалі пратэсты ў Беларусі

«Людзі пачынаюць прызвычайвацца да бясконцасьці гэтага ўсяго»

— Вельмі многім людзям патрэбная дапамога. Але, магчыма, ёсьць цяпер найбольш крытычныя сытуацыі, калі вельмі востра патрэбная дапамога?

— Для нас гэта вялікая дылема насамрэч. За два гады мы шмат у чым выйшлі на такую руціну, што для нас стала звычайным, што кожны дзень кагосьці садзяць, камусьці даюць пяць, дзесяць і пятнаццаць гадоў. Ужо гэта не выклікае такога шоку ў грамадзтва. І гэта самая вялікая небясьпека, таму што людзі пачынаюць прызвычайвацца да бясконцасьці гэтага ўсяго.

Гэта тое самае, як цяпер з Украінай, калі Буча ўспрымалася усім сьветам як нешта неверагоднае, а эксгумацыя 400 трупаў у Ізюме ўжо не выклікае такога шоку ў грамадзтва. Калі вярнуцца да беларускай тэматыкі, то атрымліваецца, што тое, што палітвязьняў даўно за 1300 чалавек, прыводзіць да таго, што, на жаль, гэта робіцца статыстыкай. На жаль, мы пачынаем думаць ужо вялікімі лічбамі і троху забываць пра людзей, якія там сядзяць.

Для нас вельмі важна рабіць перафакусіроўку таго, якім чынам адбываюцца зараз зборы. Мы вырашылі выходзяць на мэтавыя кампаніі. У нас цяпер ідзе кампанія на 32 сямʼі палітзьняволеных, якіх мы выявілі падчас папярэдняй акцыі, калі зьбіралі дзетак палітвязьняў у школу і зьбіралі сродкі дзеткам на адпачынак. Агулам сабралі 46 тысяч эўра, некалькі сотняў семʼяў атрымалі гэтую дапамогу.

Высьветлілася, што многія не падаваліся на дапамогу, бо баяліся. Калі ты ідзеш на публічны збор і пішаш імя, то тэарэтычна могуць быць наступствы. Яны падаліся на агульны збор, у якім няма прозьвішчаў і фотак, але ёсьць 32 семʼі, якім трэба зараз закрыць гэтую патрэбу. На гэты збор я б раіў зьвярнуць увагу.

Яшчэ ёсьць гучныя зборы. На справу анархістаў (там 10 фігурантаў) сабралі 5 тысяч з 10 тысяч эўра. Таксама ідзе збор на фігурантаў справы «Буслы ляцяць», зь якімі таксама вельмі ўсе складана, бо людзі ідуць па вельмі цяжкіх артыкулах. Можна проста зайсьці на сайт, паглядзець, што адгукнецца, і падтрымаць.