«Велізарная колькасьць людзей проста загіне». Прафэсар Бандажэўскі пра тое, што можна, а чаго нельга зрабіць у выпадку ядзернага ўдару

Юры Бандажэўскі. Архіўнае фота

Ці можна засьцерагчыся ад ядзернага выбуху? Якія прэпараты могуць зьменшыць шкоду для здароўя? Якое галоўнае пасланьне да беларускіх палітвязьняў? І чаму вельмі важна прымаць вітамін В12 і фоліевую кіслату?

Размаўляем з доктарам мэдычных навук, былым палітвязьнем, першым рэктарам Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту Юрыем Бандажэўскім, які адзін зь першых у навуковым сьвеце адкрыў прычынна-выніковую сувязь паміж узьдзеяньнем дробных дозаў радыяцыі на арганізм чалавека і ўзьнікненьнем сур’ёзных захворваньняў.

Юры Бандажэўскі быў арыштаваны ў 1999 годзе ў Гомлі. Свой арышт прафэсар зьвязвае з крытыкай на адрас уладаў за бязьдзейнасьць у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасьля амністыі ў 2006 годзе Бандажэўскі зьехаў у Францыю, у 2007-м пераехаў у Літву, цяпер жыве і працуе ва Ўкраіне. Бандажэўскі — кіраўнік каардынацыйнага аналітычнага цэнтру «Экалёгія і здароўе» пад эгідай Эўрапарлямэнту. Пасьля пачатку вайны ён застаўся ў Кіеве і працягваў займацца навуковымі дасьледаваньнямі.

Сьцісла

  • У якасьці прафіляктычных захадаў, акрамя вядомых радыяпратэктараў працяглага дзеяньня, якія павінны стала прымацца на дадзенай тэрыторыі (гэта вітаміны Е, А, С), мы на падставе нашых дасьледаваньняў рэкамэндуем мэтыляваныя формы вітамінаў В9 і В12.
  • Насамрэч мы бачым трагедыю Чарнобыля і цяпер глыбока ў чалавечай папуляцыі. Гэтага не хацелі бачыць і ведаць, вельмі мала аддавалі гэтаму ўвагі.
  • Калі адсякаюць галаву, валасы ўжо ня лічаць. Калі адбудзецца выбух, і мы будзем тлумачыць хатнім гаспадыням, то так, можам сказаць пра ёд.
  • Я ўжо не кажу пра бамбасховішчы, якіх сур’ёзна нідзе няма. Прычым яны павінны быць спэцыялізаваныя на выпадак ядзернага ўдару.
  • Старшыня парлямэнту Малафееў сказаў што рэктар выступаў апошнім, але па значнасьці я б паставіў ягоны выступ на першае месца. Прыслухаліся. Праз тры месяцы мяне арыштавалі.
  • Цяпер пытаньне стаіць ня толькі пра клясычны варыянт ядзернага ўзьдзеяньня, пры якім будзе ўтварацца радыяцыйны ёд-131, а пра доўгажывучыя радыяактыўныя элемэнты.

«Хто б мог калі падумаць, што Беларусь будзе выкарыстаная ў якасьці пляцдарму для нападу на Ўкраіну»

— Наколькі рэалістычнай вам падаецца пагроза выкарыстаньня ядзернай зброі ў вайне Расеі супраць Украіны?

— Паводле апошняй інфармацыі, якую мы бачым, сытуацыя выглядае, на жаль, рэалістычнай. Перад 24 лютага мы ня верылі, што пачнецца вайна. А цяпер тое, што можа быць прымененая ядзерная зброя, ужо рэальна.

— З вашага пункту гледжаньня, ці можа стаць пляцдармам для ядзернай зброі Беларусь?

— Мы бачым, што тэрыторыя Беларусі занятая расейскімі войскамі, яны выкарыстоўваюць гэтую тэрыторыю як сваю. Адтуль ужо стралялі ўсімі відамі зброі, узьляталі самалёты. Хто б мог калі падумаць, што Беларусь будзе выкарыстаная ў якасьці пляцдарму для нападу на Ўкраіну! Згадваю тую ж Зябраўку ля Гомля, якую я бачыў. Ніколі б не падумаў, што цяпер там палігоны і ўстаноўка самых магутных ракет, якія могуць страляць зь Беларусі. Ня выключана, што будзе такі варыянт. Тады ўжо і ня выключана, што Беларусь пацярпіць вельмі моцна ад ядзернага ўдару. Горка пра гэта гаварыць, але Беларусь ужо ўцягнутая ў гэтую вайну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: чаму будзе няпроста прадказаць магчымы ядзерны ўдар Расеі

«Гэта будзе поўная трагедыя для людзей, якія будуць жыць на гэтай тэрыторыі»

— Ад звычайных людзей часам апакаліптычна гучыць, што будзе ядзерная вайна, ядзерны выбух, у выніку якіх ня будзе плянэты, мы ўсе загінем. Гэта найгоршы сцэнар. Ці магчымы ён увогуле? І ёсьць проста дрэнны сцэнар, калі будуць кропкавыя ядзерныя ўдары. Як навуковец вы як маглі б ацаніць гэтыя сцэнары?

Юры Бандажэўскі

— Калі яны нанясуць удар звышмоцнай сілы, прыменяць бомбы, якія ў іх ёсьць, то гэта сапраўды будзе поўная трагедыя для людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Велізарная колькасьць людзей проста загіне. Тактычная ядзерная зброя, пра якую гавораць усё больш і больш з розных крыніц і бакоў, — гэта лякальнае ўзьдзеяньне. Але для тых людзей, якія акажуцца на гэтай тэрыторыі (а гэта далёка не малая тэрыторыя), гэта будзе калясальная трагедыя.

Прымяненьне тактычнай ядзернай зброі можа пацягнуць за сабой у далейшым і бомбы большай сілы і ўзьдзеяньня. Ня дай Бог, каб гэта адбылося. Калі мы ня верылі, што будзе вайна, былі людзі, якія эвакуаваліся, бо ці ведалі болей, ці верылі, што гэта адбудзецца. 24 лютага адбылося, і нельга выключыць тое, што можа адбыцца цяпер. Усё больш і больш размоваў, прычым вельмі сурʼёзных, таму што яны, праўдападобна, такім чынам хочуць вырашыць гэтае пытаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бясьпечных дозаў радыяцыі не існуе». Анколяг — пра доўгатэрміновыя наступствы Чарнобыля і сыстэмныя памылкі ўладаў

«Нельга дапусьціць ядзернай вайны, гэта будзе канец Зямлі»

— Якія захады перасьцярогі варта рабіць цяпер? Звычайным людзям, урадам, мэдыкам, вайскоўцам?

— Найперш урадам, тым, хто адказвае за жыцьці і здароўе людзей. Як можна давесьці да такога? Уся гэтая шматгадовая палітыка прывяла да таго, што мы цяпер маем і што можа быць. Я не зьяўляюся афіцыйным палітыкам, проста многа пажыў, бачыў шмат, жыў на расколе Савецкага Саюзу, зьяўленьня краінаў, бачыў усю трагедыю і зусім хібнае разьвіцьцё цэлага шэрагу дзяржаў, што прывяло, на маю думку, да таго, што людзі пакутуюць. Нельга дапусьціць ядзернай вайны, гэта будзе канец Зямлі.

У свой час Чарнобыль прынёс вялізарныя трагедыі людзям усяго сьвету, найперш беларусам і ўкраінцам. Тады не ацанілі ў патрэбнай меры, наколькі гэта трагічна. Былі нейкія адпіскі, нібыта некалькі сотняў пацярпелых. Насамрэч мы бачым трагедыю Чарнобыля і цяпер глыбока ў чалавечай папуляцыі. Гэта хаваецца, гэтага не хацелі бачыць і ведаць, вельмі мала аддавалі гэтаму ўвагі.

Нельга гуляцца зь ядзернай энэргетыкай, зь ядзернай пагрозай. Гэта ўсё ядзерная машына, якая была створаная для таго, каб зьнішчаць людзей. 1945 год, Хірасіма, Нагасакі — на падставе гэтага была створаная нібы мірная ядзерная энэргетыка. І сёньня мы маем трагедыю з пагрозай ядзернай вайны з улікам ядзерных узбраеньняў, ядзерную трагедыю з боку электрастанцый і сховішчаў ядзерных адкідаў, надзвычай небясьпечных ядзерных элемэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарнобыль нікуды не сышоў». Прафэсар Бандажэўскі пра новыя дасьледаваньні старой праблемы

«Для мяне малых дозаў няма»

— Ці маюць сэнс цяпер нейкія практычныя дзеяньні, купляць ёд, напрыклад?

— Калі адсякаюць галаву, валасы ўжо ня лічаць. Калі адбудзецца выбух і мы будзем пісаць для хатніх гаспадынь, то так, можам сказаць пра ёд, маўляў, спадарыня Ганна, карыстайцеся вось гэтым, вам паведамяць потым, як трэба прымаць ёд. Хто паведаміць, калі радыёкропак няма? Хто будзе мець каналы, каб паведамляць, якія каналы людзі павінны ўключаць? Гэтага ж ніхто ня робіць, ніхто гэтым не займаецца. Процірадыяцыйная абарона, так званая грамадзянская абарона, якая была нават за савецкім часам распаўсюджаная... Ніхто нічога ня робіць. Людзі ня ведаюць, што ім рабіць.

Эпізадычныя ўкіданьні паўафіцыйнай інфармацыі — гэтаму людзі нават ня вераць. Добра, можна купіць калію ёдыд. Хто пабяжыць куды купляць? Як усё разьмеркаваць? Ніхто гэтым не займаецца. Прынамсі я ня ведаю. Разглядаюцца нейкія асобныя пытаньні. Абсалютна непадрыхтаваныя ў гэтым пляне. Я ўжо не кажу пра бамбасховішчы, якіх сурʼёзна нідзе няма. Прычым яны павінны быць спэцыялізаваныя на выпадак ядзернага ўдару. Гэта ўсё размовы, якія не прыводзяць да сурʼёзных дзеяньняў. Трэба прадухіліць гэта, таму што калі гэта адбудзецца, будзе страшна.

Я згадваю, як чытаў лекцыі ў Японіі ў 2012 годзе. Напярэдадні была выдадзеная мая кніга «Медицинские и биологические эффекты инкорпорированного в организм радиоцезия», дзе былі дакладна выкладзеныя эфэкты радыяцыйнага ўзьдзеяньня так званых малых дозаў. А для мяне гэта не малыя дозы. Малых дозаў няма, ёсьць пранікненьне радыяактыўных элемэнтаў і радыяцыйнае выпраменьваньне звонку.

Пранікненьне радыяактыўных элемэнтаў у арганізм чалавека надзвычай небясьпечнае, што мы назіралі і назіраем у людзей, якія пражываюць у Беларусі і Ўкраіне. Яны працягваюць атрымліваць гэтыя радыяактыўныя элемэнты, і мы бачым, якія ўсплёскі анкалягічных хваробаў і сардэчна-сасудзістых паталёгій цяпер.

На той лекцыі ў Японіі быў адзін вайсковы доктар, які перажыў Хірасіму і Нагасакі. І ён узьняў гэтую маю малую кнігу перад аўдыторыяй і сказаў, што гэтая кніга павінна быць у кожнай сямʼі японца. Дарэчы, гэтая кніга працягвае перавыдавацца вялікімі накладамі, але я ўжо не сачу за гэтым.

Гэта да таго, што надзвычай важна ведаць пра тое, як радыяактыўныя элемэнты ўплываюць на арганізм чалавека. Вядома, як гэтае пытаньне ў Беларусі вырашалася. Пасьля майго арышту ўсе крытычна важныя праграмы, якія былі накіраваныя на такія дасьледаваньні, былі закрытыя. У аэрапорце, калі адбывалася мая дэпартацыя, так скажам, я сустрэў аднаго вельмі вядомага навукоўца, які мне наўпрост сказаў, што выбачаецца, што ўсе сурʼёзныя праграмы па гэтым закрытыя.

Юры Бандажэўскі. Турма і здароўе. Парады прафэсара мэдыцыны

І што вы цяпер хочаце? Гаварыць людзям, як сябе паводзіць? Сказаць, каб шукалі дазымэтры? Дык дазымэтраў талковых няма. Куды ім трэба бегчы? Што трэба есьці? Тушонку? Дык яна радыяактыўная, з таго ж мяса вырабленая, якое ўтрымлівае радыяактыўныя элемэнты. Я не магу сказаць людзям, каб рабілі тое і тое. Бо радыяактыўныя элемэнты ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

У малой бібліятэцы Гомля мае вучні знайшлі кнігу «Глобальные выпадения Cs-137 и человек», якую напісалі яшчэ ў 1974 годзе савецкія навукоўцы, якія дасьледавалі пытаньне распаўсюджваньня цэзію ў 1960–1969 гадах на тэрыторыі Беларусі. Калі мы ўзялі мапу, якая была ў гэтай кнізе, і мапу забруджваньня тэрыторый Гомельскай вобласьці пасьля Чарнобылю, яны супалі адзін у адзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці «дзяцей Чарнобылю» больш уразьлівыя да радыяцыі, — прафэсар Бандажэўскі

«Праз тры месяцы мяне арыштавалі»

— Вы маеце на ўвазе, што радыяцыя ад Чарнобыльскай АЭС і раней узьдзейнічала, яшчэ да аварыі?

— Не. Там былі сховішчы радыяактыўных элемэнтаў. У Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях такія месцы знайшлі. Уся Прыбалтыка была забруджаная радыяактыўнымі элемэнтамі, проста людзі пра гэта ня ведалі. Адбываліся вайсковыя вучэньні, нейкія яшчэ рухі. У СССР пахабна абыходзіліся з радыяактыўнымі элемэнтамі, іх зусім не кантралявалі. Асабліва ў гэтай заходняй зоне. Мы даўно ўжо зь імі кантактуем і даўно бачым доўгажывучыя радыяактыўныя элемэнты, якія надзвычай небясьпечныя.

Насельніцтва Гомельскай вобласьці і ўсёй Беларусі, напэўна, ня ведаючы пра гэта, спажывала радыяактыўныя рэчывы разам з прадуктамі харчаваньня. Мой апошні выступ у парлямэнце Беларусі ў 1999 годзе быў гэтаму прысьвечаны. Старшыня парлямэнту Малафееў сказаў тады: рэктар унівэрсытэту выступаў апошнім, але па значнасьці я б паставіў ягоны выступ на першае месца, трэба да гэтага прыслухацца. Прыслухаліся. Праз тры месяцы мяне арыштавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны радуюцца, што даводзяць чалавека да такога», — былы палітвязень, прафэсар Бандажэўскі пра галадоўку як неэфэктыўны і разбуральны крок

«Гэтае адкрыцьцё прымушае абсалютна ў іншым пляне глядзець на тое, як трэба абараняць людзей»

— Вы вывучалі ўзьдзеяньні малых дозаў радыяцыі. Вялікая колькасьць беларусаў і ўкраінцаў атрымлівалі і атрымліваюць іх. Маё пытаньне зусім не навуковае. У выпадку выкарыстаньня ядзернай зброі якое будзе ўзьдзеяньне на такіх людзей? Ці маюць яны нейкі імунітэт, бо ўжо сутыкаліся з гэтым? Часам пра такое даводзіцца чуць.

— Гэтае трызьненьне я раю забыць. Гэта самае сапраўднае трызьненьне нейкіх хворых людзей ці людзей, якім плацяць за тое, каб яны пра гэта гаварылі. Я больш за 30 гадоў займаюся гэтай праблемай рэальна, і мы бачым, наколькі гэта небясьпечна. Мы цяпер вельмі шмат дасьледаваньняў правялі пра генэтычныя зьмены, якія адыгрываюць ролю ў жыцьцядзейнасьці арганізму на тэрыторыі радыяактыўнага забруджваньня. Апублікавалі вялікі пласт дасьледаваньняў па выніках рэалізацыі вялікага эўрапейскага праекту на тэрыторыі раёну, які знаходзіцца паблізу зоны адчужэньня ЧАЭС.

Гэтая інфармацыя дазваляе гаварыць пра тое, як яшчэ трэба ў гэтых умовах абараняць людзей. Існуюць рознага роду эфэкты радыяактыўнага ўзьдзеяньня, і адзін з найцяжэйшых эфэктаў — парушэньне абмену жыцьцёва неабходных амінакіслот, такіх як мэтыянін. Мы выявілі, што ў дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі, блізкай да зоны адчужэньня, рэзка парушаны абмен унутранага мэтыяніну. А гэта абарона ад зьменаў нуклеінавых кіслот найперш і, канечне, ад генэтычных мутацый.

Гэта генэтычная абарона. Калі будзе мала ўтварацца ўнутранага мэтыяніну, то будзе вельмі дрэнная абарона, будзе парушаны працэс мэтыляваньня нуклеінавых кіслот, генаў, якія адказныя за многія жыцьцёва важныя працэсы. Натуральна, будзе адбывацца канцэрагенэз, узьнікненьне анкалягічных хваробаў, будуць узьнікаць прыроджаныя парокі разьвіцьця.

І гэта мы бачым і назіраем. Уяўляеце, што больш за 70% дзяцей, якія пражывалі і пражываюць каля гэтай тэрыторыі, маюць парушэньне абмену мэтыяніну, высокія ўзроўні гомацыстэіну (амінакіслата, павышэньне якой у крыві — надзвычай дрэнны фактар у жыцьцядзейнасьці гэтых людзей).

Гэтае адкрыцьцё прымушае абсалютна ў іншым пляне глядзець на тое, як трэба абараняць людзей. Акрамя трывіяльных размоваў, якія я чую ад навукоўцаў (ня ведаю, што яны чытаюць), дык яны баяцца толькі ўзьдзеяньня на шчытападобную залозу і кажуць пра калію ёдыд ці проста кроплі ёду ў ваду. Гэта выклікае нават раздражненьне.

Цяпер пытаньне стаіць ня толькі пра клясычны варыянт ядзернага ўзьдзеяньня (аварыя ці ўдар), пры якім будзе ўтварацца радыяцыйны ёд-131. Стаіць пытаньне пра доўгажывучыя радыяактыўныя элемэнты, якіх вельмі многа ў сховішчах ядзерных адкідаў, якія ўзьнікаюць пры ядзерных узьдзеяньнях, якія аказваюць вельмі дрэннае ўзьдзеяньне на многія органы і сыстэмы. Ад гэтага залежыць выжывальнасьць людзей.

У якасьці прафіляктычных захадаў, акрамя вядомых радыяпратэктараў працяглага дзеяньня, якія павінны стала прымацца на дадзенай тэрыторыі (гэта вітаміны Е, А, С), мы на падставе нашых дасьледаваньняў рэкамэндуем мэтыляваныя формы вітамінаў В9 і В12. Гэта фоліевая кіслата і вітамін В12. Гэта надзвычай важна для таго, каб абараняць людзей. Нядаўна мы пра гэта праводзілі міжнародную канфэрэнцыю і цяпер спрабуем сказаць пра гэта людзям ва ўсім сьвеце. Гэта сапраўды адкрыцьцё.

А працягваючы размову пра тое, што трэба рабіць пры ядзерным удары не на ўзроўні ўрадаў, а на ўзроўні абываталяў — сапраўды, таблеткі ёду ў выпадку ядзернай небясьпекі неабходна прымаць. Гэта адпаведным чынам будзе расьпісана. Кожная аптэка ведае, яна пакуль не прадае, але будзе раздаваць, прадаваць. Але я хачу зьвярнуць увагу менавіта на вітаміны В9 і В12 (мэтылтэтрагідрафалят і мэтылкабалямін). Могуць быць яшчэ камбінаваныя формы, якія ёсьць у аптэках, паўсюль, дзе можна знайсьці. Яны ня робяць шкоды для здароўя абсалютна, могуць быць у форме БАДаў, і яны надзвычай эфэктыўныя пры парушэньні абмену мэтыяніну і гомацыстэіну.

І гэта таксама не панацэя, каб абараніцца ад ядзернага ўдару. Ёсьць эпіцэнтар узьдзеяньня, і вы можаце за 50 кілямэтраў знаходзіцца і таксама быць пад узьдзеяньнем радыяактыўных элемэнтаў, якія распаўсюджваюцца на вялікія тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў пра магчымасьць зьяўленьня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, «калі таго запатрабуе сытуацыя»

«Мы перажылі атаку, калі войскі былі пад Кіевам»

— Як зьмянілася ваша жыцьцё пасьля 24 лютага? Ці мелі магчымасьць займацца навуковай працай?

— Я на гэтае пытаньне на хачу адказваць, бо вайна. Я працягваю працаваць. Мы перажылі атаку, калі войскі былі пад Кіевам. Мы выдалі кнігу. Я па-ранейшаму працую ў Цэнтры экалёгіі і здароўя, які я стварыў. Гэта грамадзкая арганізацыя, створаная пад патранатам Эўрапарлямэнту. Лякальна мы працавалі ў вялізарным эўрапейскім праекце. Ён унікальны з пункту гледжаньня таго, што было абсьледавана ўсё дзіцячае насельніцтва некалькіх раёнаў і атрыманыя ўнікальныя дадзеныя. Пяць апошніх гадоў я бязвыезна займаўся з калегам ацэнкай наступстваў і вынікаў гэтага вялікага праекту. Наш калектыў ня выехаў з Украіны, заставаўся працаваць, мы нават выдалі манаграфію ў гэты час пра наступствы чарнобыльскіх эфэктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўраспад. Мой Цэзій-137

«Мы павінны выжыць, таму што толькі разумныя людзі могуць пабудаваць цывілізаваную, разьвітую Беларусь»

— Як былы палітвязень, які правёў у вязьніцы больш за 6 гадоў, што б вы маглі сказаць цяперашнім тысячам беларускіх палітвязьняў і іх родным?

— Я з болем усё гэта ўспрымаю. Я ведаю, што такое турма. Тое, што там зь людзьмі адбываецца, проста жахліва. Словы салідарнасьці ўсім тым, хто цяпер пакутуе. Мы разумеем, наколькі ім цяжка. Калісьці Радыё Свабода выдала кнігу «Турма і здароўе» на беларускай мове. Там я выклаў свае ўспаміны і рэкамэндацыі. Спрабаваў гэта выкарыстаць, калі сам знаходзіўся ў турме.

Я заўсёды казаў, што галадаць у турме нельга, таму што чалавек губляе кантроль над сваёй псыхікай, ня кажучы пра ўсё іншае. Гэта толькі на радасьць тым, хто зьдзекуецца зь людзей. Гэта маё глыбокае перакананьне. Я прайшоў праз гэта. Я ня веру, што людзі могуць галадаць вельмі доўга і гэта не адбіваецца на стане здароўя. Трэба думаць і пра сучаснасьць, і пра будучыню.

Калі бачаць, што вы моцны чалавек, што вы можаце прайсьці праз гэта, то мяняецца стаўленьне да вас, вас пачынаюць паважаць. Гэта трэба ўлічваць. Я найперш гляджу на моладзь за кратамі, і ня толькі на моладзь, але і ўспамінаю тых людзей, якіх добра ведаю, зь якімі сустракаўся. Я хацеў бы сказаць ім: трымайцеся. Здароўя. Трэба берагчы сябе, трэба перажыць гэтую сытуацыю. Мы павінны выжыць, таму што толькі разумныя людзі могуць пабудаваць цывілізаваную, разьвітую Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турма і здароўе»