Politico: заяўка Ўкраіны на ўступленьне ў NATO стала нечаканасьцю для ЗША

Енс Столтэнберг, 30 верасьня 2022 году

Заява прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб тым, што Кіеў будзе дамагацца ўступленьня ў NATO па паскоранай працэдуры, стала нечаканасьцю для адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

Пра гэта паведамляе выданьне Politico са спасылкай на неназваных па імені прадстаўнікоў адміністрацыі.

Выданьне адзначае, што пытаньне ўступленьня Ўкраіны ў NATO зьяўляецца няпростым для Вашынгтона, бо пяты артыкул Паўночнаатлянтычнай дамовы прадугледжвае ўдзел краін-сябраў NATO ў адбіваньні агрэсіі супраць любога з саюзьнікаў.

Адміністрацыя ЗША падкрэсьлівае, што, нягледзячы на падтрымку Украіны ў розных формах, імкнецца пазьбегнуць вайны з Расеяй.

Дарадца Байдэна па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван адзначыў, што зараз ня час займацца гэтым пытаньнем. Ён падкрэсьліў, што ЗША па-ранейшаму падтрымліваюць палітыку адкрытых дзьвярэй NATO, аднак цяпер больш актуальна аказваць Ўкраіне практычную дапамогу для супраціву расейскай агрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія наступствы будзе мець анэксія Расеяй 4 вобласьцяў Украіны? Дыскусія экспэртаў

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэласі заявіла, што Ўкраіна, на яе думку, павінна атрымаць «гарантыі бясьпекі», аднак прама не сказала аб падтрымцы яе ўступленьня ў NATO.

Кангрэсмен-дэмакрат Майк Квіглі, які нядаўна наведаў Кіеў, наўпрост падтрымаў украінскую заяўку, сказаўшы, што мэта NATO якраз і заключаецца ў тым, каб абараняць дэмакратыі ад аўтарытарных рэжымаў.

Зяленскі паведаміў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступленьне ў NATO ў паскораным парадку 30 верасьня, неўзабаве пасьля таго, як Пуцін абвясьціў пра анэксію чатырох украінскіх рэгіёнаў, часткова акупаваных Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO пракамэнтаваў заяўку Ўкраіны на паскоранае ўступленьне

Падтрымку паскоранаму ўступленьню Ўкраіны ў NATO напярэдадні выказалі дзяржавы Балтыі, а таксама Канада. Стрыманую пазыцыю заняла Нямеччына. Каб прыняць краіну ў склад NATO, неабходная згода ўсіх 30 краін Паўночнаатлянтычнага зьвязу. Цяпер ідзе працэдура ўступленьня туды Швэцыі і Фінляндыі.

Недапушчэньне ўступленьня Ўкраіны ў NATO было адным з патрабаваньняў Расеі перад пачаткам вайны. У ходзе перамоваў паміж Масквой і Кіевам у першыя тыдні пасьля расейскага ўварваньня абмяркоўвалася магчымасьць адмовы Ўкраіны ад уступленьня ў саюз у абмен на нейкія гарантыі бясьпекі. Перамовы не прывялі да якога-небудзь выніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступ у NATO паводле паскоранай працэдуры

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.