Адкрытае акцыянэрнае таварыства «СьветлагорскХімвалакно» («Сохім») апынулася ў сьпісе новых санкцый, якія адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ўвяла супраць Расеі ў сувязі з анэксіяй Крамлём чатырох украінскіх рэгіёнаў.
«(СьветлагорскХімвалакно) забясьпечвае крытычна важны матэрыял для абароннай прамысловасьці Расеі. «Сохім» — беларускі дзяржаўны вытворца тэкстылю і валакна, які займаецца экспартам у Расею», — адзначыла Міністэрства фінансаў ЗША.
Пад новымі санкцыямі апынуліся падстаўныя кампаніі, створаныя адмыслова для ўхіленьня ад ранейшых санкцый у дачыненьні да расейскіх вайсковых пастаўнікоў.
У новым санкцыйным сьпісе 910 чалавек — чальцоў расейскага парлямэнту, вышэйшых чыноўнікаў Крамля і іх сямейнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная супольнасьць асудзіла анэксію Расеяй украінскіх тэрыторый